Паколькі прырода і грамадства папярэджваюць нас, якім няпэўным і пагрозлівым зрабілася наша існаванне, мы, людзі, мусім пераадолець свае нечалавечыя і іншыя згубныя спосабы мысліць і дзейнічаць;
Паколькі міжрэлігійная, міжнацыянальная, міжрасавая і іншая нянавісць, гвалт, мова варожасці, дыскрымінацыя, прыгнёт, катаванні і забойствы нашых бліжніх, асабліва дзяцей, жанчын, старых, а таксама людзей з іншых уразлівых груп, падштурхоўваюць мужчын і жанчын да жорсткасці і разбуральнасці і перашкаджаюць развіваць чалавечыя каштоўнасці, так неабходныя для існавання і развіцця нашага грамадства;
Паколькі, на жаль, навуковыя, тэхналагічныя і іншыя сацыяльныя дасягненні дапамагаюць хутчэй забруджваць і разбураць планету Зямля, чым рухаць прагрэс і павялічваць грамадскі дабрабыт, служаць узбагачэнню нямногіх за кошт большасці, падтрымліваюць вытворчасць ўзбраення і забойствы людзей, руйнуючы прыроду і культурную спадчыну, з’яўляюцца спосабам памнажаць голад, галечу, гвалт і іншыя непрымальныя формы чалавечага існавання ва ўмовах страху і нястачы;
Паколькі чалавечнасць – гэта першая і асноўная каштоўнасць, здольная пераадолець зло і дапамагчы чалавечай расе ў канструктыўным і ўстойлівым развіцці на аснове мірнага суіснавання;
Паколькі такі від мастацтва, як літаратура, можа абудзіць у людзях спачуванне і чалавечнасць і зрабіцца радасным вестуном станоўчых змен;
мы запрашаем сябраў ПЭНа і ўсіх людзей далучыцца да нашых высілкаў дзеля ўмацавання чалавечнасці і пабудовы мірнай і ўстойлівай будучыні нашага грамадства такім чынам, каб імкнуцца да наступнага:
- Штодня і ўсюды мы мусім заставацца людзьмі і выяўляць сваю чалавечнасць перад іншымі людзьмі і жывымі істотамі. Быць людзьмі – гэта значыць, разумець іншых, цярпліва ставіцца да іх, спачуваць ім і дапамагаць, падтрымліваць іх.
- Мы мусім усведамляць, што чалавечнасць робіць магчымым агульны дабрабыт для ўсіх нас. Усё дабро, якое мы творым, у выніку прынясе карысць нам самім, і такі досвед дапаможа нам расці і ўзмацняцца ў станоўчым ключы.
- Кожны чалавек – і я, і ты – мусіць быць прыкладам чалавечнасці незалежна ад таго, як дзейнічаюць іншыя. Мы мусім быць настойлівымі, не зважаючы на тое, што гэтымі каштоўнасцямі часова пагарджаюць і не бяруць іх у разлік: у доўгатэрміновай перспектыве чалавечнасць – адзіны спосаб узмацніць людзей і грамадствы.
- Мы мусім выяўляць смеласць і рашучасць, калі імкнёмся да дабра ў сабе і іншых. Веданне таго, што гэта – адзіны спосаб умацаваць чалавечнасць у грамадстве, мусіць заўсёды пераважаць прыгнёт і ўціск чалавечай годнасці, свабоды і правоў.
- Давайце зараз дапаможам усім, хто зазнае жах, хваробы, нягоды, боль, несправядлівасць і іншыя цяжкасці.
- Мы мусім асабліва бараніць дзяцей, жанчын, пажылых людзей, людзей з асаблівасцямі із абмежаваным доступам да адукацыі, а таксама людзей з іншых уразлівых груп, якія ў сілу сваёй слабасці могуць больш пацярпець ад эксплуатацыі і жорсткага абыходжання.
- МЫ патрабуем, каб палітычныя і эканамічныя лідары паважалі і выконвалі свае абавязкі,дзейнічалі ў адпаведнасці з прававымі актамі, міжнароднымі пагадненнямі і ўсімі астатнімі юрыдычнымі і палітычнымі дакументамі, якія падтрымліваюць чалавечнасць, мір, бяспеку, салідарнасць, змаганне з галечай і устойлівае развіццё.
- Мы звяртаемся да ўсіх урадаў і сусветных эканамічных лідараў з заклікам падтрымаць свабоду слова і свабоду творчасці, якія гарантуюць, што ўсе галасы, незалежна ад расы, нацыянальнасці і гендару будуць пачутыя і ацэненыя.
- Мы ніколі не павінны забываць, што належым да адной чалавечай расы і адказваем за сябе, сваіх бліжніх – мужчын і жанчын, – а таксама за нашу планету Зямля. Калі мы сумняваемся, то заўсёды мусім выбіраць шлях чалавечнасці і БЫЦЬ ЛЮДЗЬМІ.
Гэты зварот напісалі:
- Бэчыр Кечанавіч, магістр навук, дырэктар IRVD – Інстытута развіцця інклюзіўнага грамадства,
- МіраслаўЦэрар, доктар навук, прафесар факультэта права, універсітэт Любляны, і палітык, былы прэм’ер-міністр Славеніі, былы міністр замежных спраў Славеніі,
- Васілка Санчын, доктарка навук, прафесарка міжнароднага права, загадчыца кафедры міжнароднага права, дырэктарка Інстытута міжнароднага права і міжнародных адносін, факультэт права, універсітэт Любляны, сябра і віцэ-прэзідэнтка Камітэта ААН па правах чалавека(2019-2022), і
- Таня Тума, пісьменніца, прэзідэнтка Славенскага ПЭНа.