У 2002 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Першая Інфлянцкая вайна (1558–1570 гг.) і яе ўплыў на развіццё сацыяльна-палітычных працэсаў у Вялікім Княстве Літоўскім».
Андрэй Янушкевіч – аўтар кніг: Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558–1570 гг. Мінск, 2007; Ливонская война. Вильно против Москвы, 1558–1570. Москва, 2013; Ливонская война 1558–1570 гг. и Великое княжество Литовское. Минск, 2013; Ула: Гістарычны нарыс. Мінск, 2015.
У 2014 годзе заснаваў выдавецтва «Янушкевіч», што спецыялізуецца на выданні гістарычнай і беларускай літаратуры, а таксама замежнай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову. Першай кнігай, што выйшла ў выдавецтве, была «Бітва пад Воршай 1514 года» польскага гісторыка Пётра Дружджа – першая ў свеце кніга, цалкам прысвечаная Аршанскай бітве.
У студзені 2021 года Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю канфіскаваў тэхніку і заблакаваў рахунак выдавецтва, але ў чэрвені выдавецтва атрымала паведамленне пра магчымасць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
22 сакавіка 2022 года выдавецтва «Янушкевіч» папрасілі вызваліць офіс у Мінску. Выдавецтва абвясціла распродаж кніг, пад офісам сабралася чарга чытачоў.
16 траўня ў Мінску выдавецтва адкрыла кнігарню «Кнігаўка». У кнігарню прыйшлі дзяржаўныя прапагандысты Людміла Гладкая з «СБ. Беларусь сегодня» і Рыгор Азаронак з СТВ, якія задавалі правакацыйныя пытанні і папракалі кнігарню ў нацыяналізме. Следам за прапагандыстамі прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія правялі ператрус.
Падчас ператрусу было канфіскавана каля 200 кніжных асобнікаў, 15 тытулаў кніг накіравалі на «экспертызу».
16 траўня Андрэй Янушкевіч быў затрыманы пасля ператрусу ў кнігарні разам з Настай Карнацкай – папулярызатаркай кніжнай культуры Беларусі. Пасля затрымання Андрэй Янушкевіч правёў ноч у Першамайскім РУУС.
17 траўня Андрэя Янушкевіча асудзілі на 10 сутак адміністратыўнага арышту паводле арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства), што выкарыстоўваецца для палітычна матываваных арыштаў.
14 чэрвеня стала вядома, што Андрэй Янушкевіч выйшаў на волю пасля 28 сутак арышту і цяпер знаходзіцца ў бяспецы.
Улетку 2022 года пакінуў Беларусь.