У сувязі з інфармацыяй аб прад’яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і вынясенні прысудаў, звязаных з пазбаўленнем волі:
- па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) у дачыненні да Юліі Каценя, Анастасіі Навасадскай, Антона Сіманенкава, Яны Жураўлёвай, Дар’і Афанасьевай, Вольгі Рытус, Дзмітрыя Суганяева, Дзяніса Есіса, Аляксея Максюкова, Паліны Мартынчык, Санты Франчук, Уладзіміра Дальшова, Ігара Краўчанкі, Сяргея Альшэўскага, Аніты Бакуновіч, Ірына Яўмененка, Аляксея Гайшуна, Юрыя Бельскага, Кацярыны Нікіценка, Арцёма Глеба, Аляксандра Сяргеева, Кірыла Герасіменкі,
- па ч.1 арт. 342 КК і 361-1 КК (за рэгістрацыю ў чат-боце «Перамога») Аляксандра Андрушкевіча,
- накіраванні для адбыцця пакарння ў выглядзе абмежавання волі па ч.1 арт. 342 КК у папраўчую установу Аляксандра Сухарукава, Вадзіма Здановіча, Юрыя Кузняцова, Яніны Сяргейчык,
яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Затрыманне і зняволенне шэрагу асобаў з’явілася следствам палітыкі падаўлення антываенных выступаў і пратэстаў пасля пачатку ваеннага ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і масавых беспарадках, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання іпрызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
Таксама мы адзначаем, што ва ўмовах глыбокага крызісу правоў чалавека недапушчальна выкарыстоўваць інструменты крымінальнага пераследу для далейшага абмежавання свабоды выказвання меркаванняў.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
Неадкладна вызваліць Юлію Каценя, Анастасію Навасадскую, Антона Сіманенкава, Яну Жураўлёву, Дар’ю Афанасьеву, Вольгу Рытус, Дзмітрыя Суганяева, Дзяніса Есіса, Аляксея Максюкова, Паліну Мартынчык, Санту Франчук, Уладзіміра Дальшова, Ігара Краўчанку, Сяргея Альшэўскага, Аніту Бакуновіч, Ірыну Яўмененка, Аляксея Гайшуна, Юрыя Бельскага, Кацярыну Нікіценка, Арцёма Глеба, Аляксандра Сяргеева, Кірыла Герасіменку, Аляксандра Андрушкевіча, Аляксандра Сухарукава, Вадзіма Здановіча, Юрыя Кузняцова, Яніну Сяргейчык і спыніць іх крымінальны пераслед.
Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, перагледзець палітычна матываваныя справы і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Lawtrend;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі ПЭН;
Human Constanta.