Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя пратэсныя дзеянні выкарыстоўваецца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў
Крымінальнае заканадаўства зрабілася істотна больш жорсткім і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
У пазасудовым парадку МУС і КДБ адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, што аб’яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўлад і патрабуюць змен у дзяржаве і палітыцы, якую яна праводзіць. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
- Ганна Пышнік узятая пад варту ў СІЗА па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК у сувязі з тым, што «зняла відэа з перасоўваннем верталётаў для ангажаванага дэструктыўнага рэсурсу»;
- Андрэй Уткін узяты пад варту ў СІЗА за тое, што сфатаграфаваў калону расійскай вайсковай тэхнікі і адправіў здымак каналу «Беларускі Гаюн», прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, у сувязі з чым абвінавачаны паводле арт. 361-1 КК ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні і паводле арт. 361-4 КК у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці;
- Віктар Кулінка ўзяты пад варту паводле арт. 361-4 і арт. 361-1 КК за здымкі калоны ваеннай тэхнікі войскаў агрэсара, што накіроўвалася ў бок Гомеля, якія ён перадаў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», і за рэгістрацыю ў плане «Перамога», якую сілавікі выявілі ў тэлефоне;
- Ірына Абдукерына ўзятая пад варту паводле арт. 361-4 і арт. 361-1 КК за відэа калоны расійскай ваеннай тэхнікі, што накіроўвалася ў бок Гомеля, якое яна перадала ў тэлеграм-канал;
- Алег Барадзін узяты пад варту паводле арт. 361-4 і арт. 361-1 КК за відэа расійскай вайсковай тэхнікі ў Гомелі, якое ён перадаў у тэлеграм-канал;
- Іван Яснікаў узяты пад варту паводле арт. 361-4 КК за фота расійскай вайсковай тэхнікі, якія ён перадаў тэлеграм-каналу «Калінкавічы для жыцця»;
- Мікіта Слепянок узяты пад варту паводле арт. 361-1 КК за стварэнне культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans, прызнанага МУС экстрэмісцкім фармаваннем;
- Віктар Бедрый прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-1 КК у кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем — рэгіянальным тэлеграм-каналам, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады ў папраўчай калоніі;
Ацэньваючы паказаную інфармацыю ў кантэксце грамадска-палітычнай сітуацыі апошніх тыдняў, асноўнай падзеяй якіх сталася ваеннае ўварванне Расійскай Федэрацыі ва Украіну і акты антываеннага пратэсту і салідарнасці з народам Украіны, якія з’явіліся пасля гэтага, мы прыходзім да высновы пра тое, што ў дадзеных выпадках грамадзяне пераследуюцца праз іх палітычныя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і асацыяцыі.
Таму мы прызнаем іх палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», і патрабуем ад улад Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Ірыну Абдукерыну, Алега Барадзіна, Віктара Бедрыя, Віктара Кулінку, Ганну Пышнік, Івана Яснікава, Мікіту Слепянка, Андрэя Уткіна;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр «Вясна;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Прававая ініцыятыва.