Зміцер Дашкевіч

Апошняе абнаўленне: 12 красавіка 2022
Зміцер Дашкевіч
kyky.org
Публіцыст, аўтар кнігі турэмнай літаратуры «Чарвяк» (2014), за якую ў 2014 годзе стаў лаўрэатам прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам супольна з «Радыё Свабода» – за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

У 2016 годзе арганізаваў збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства культуры за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Зміцер Дашкевіч неаднаразова зазнаваў адміністрацыйны і крымінальны пераслед за грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у мірных пратэстах, быў прызнаны палітвязнем.

15 верасня 2006 года арыштаваны, абвінавачаны ў «дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі» паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса РБ і асуджаны на 1,5 года пазбаўлення волі. 23 студзеня 2008 года вызвалены.

18 снежня 2010 года прэвентыўна арыштаваны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. 24 сакавіка 2011 года асуджаны на 2 гады зняволення паводле арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). 28 жніўня 2012 года ў калоніі горада Глыбокае асуджаны за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі», суд дадаў да прызначанага раней тэрміну яшчэ адзін год. 28 жніўня 2013 года вызвалены.

23 сакавіка 2022 года ў Мінску ў кватэры Змітра Дашкевіча адбыўся ператрус. ГУБАЗіК у сваім тэлеграм-канале напісаў пра затрыманне Змітра Дашкевіча і паведаміў, што на актывіста «сабраны матэрыял для прыцягнення яго паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, таксама ідзе праца для кваліфікацыі іншых ягоных дзеянняў, у тым ліку распальвання нянавісці праз адміністраваныя інтэрнэт-супольнасці».

24 сакавіка 2022 года Зміцер Дашкевіч асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, змешчаны ў ІЧУ на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Пасля 15 сутак арышту не выйшаў на волю, яго абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».

14 красавіка Зміцер Дашкевіч прызнаны палітвязнем.

11 ліпеня 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Змітра і Насты Дашкевічаў, якім інкрымінавалі ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) – абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. Падчас следства, пакуль Зміцер Дашкевіч знаходзіўся за кратамі, Наста Дашкевіч нарадзіла чацвёртае дзіця.  

Падчас апошняга слова на судзе Зміцер Дашкевіч заявіў пра катаванні, якія выкарыстоўвалі ў адносінах да яго супрацоўнікі міліцыі за тое, што ён гаварыў на беларускай мове: «Калі падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает». 

14 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна  г. Мінска  быў агучаны прысуд:  Зміцер Дашкевіч – 1 год і 6 месяцаў калоніі, Наста Дашкевіч – 3 гады «хатняй хіміі».

21 кастрычніка МУС уключыў палітвязня ў спіс «экстрэмістаў».

11 ліпеня 2023 года Зміцер Дашкевіч павінен быў выйсці на волю, але супраць яго распачалі новую крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» (арт. 411 КК). Змітра Дашкевіча этапавалі ў турму г. Жодзіна.

19 кастрычніка ў судзе Барысаўскага раёна вынеслі прысуд Змітру Дашкевічу, яго асудзілі яшчэ на год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Адрас для ліставання: Змітру Вячаслававічу Дашкевічу, Турма N8, 222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая 22А.

З. Дашкевіч. Чарвяк. Вільня, 2013. ISBN: 978-9955-437-23-9