Людзі Слова ў няволі (27)
Пошук

Заява беларускай праваабарончай супольнасці аб прызнанні 10 палітычных зняволеных


Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.),  адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Валерый Ларчык, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнка да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  2. Раман Скапцоў, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнка да двух гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  3. Мікалай Сасноўскі, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да аднаго года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  4. Аляксандр Сафонаў, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  5. Віталь Маскалёў асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады і арт.364 за пагрозу прадстаўніку ўлады гвалтам (у каментары ў сацыяльнай сетцы выказаў мяркаванне, якое не змешчала прамых пагроз) да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  6. Наталля Сцепанцова, асуджана па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіравана для адбыцця пакарання;
  7. Аляксандр Лобан, ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК за распальванне варожасці – каментар у сацыяльнай сетке па “справе Зельцара”;
  8. Віталь Марухленка, ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК за распальванне варожасці – каментар у сацыяльнай сетке па “справе Зельцара”.
  9. Андрэй Акушка, ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт.368 і 369 за абразу А.Лукашэнка і прадстаўніка ўлады;
  10. Дзмітрый Качаноўскі, асуджаны па арт. 370 КК за здзек над дзяржаўнай сімволікай і па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да трох гадоў адмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.

Ў сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Валерыя Ларчыка, Рамана Скапцова, Мікалая Сасноўскага, Аляксандра Сафонава, Віталя Маскалёва, Наталлю Сцепанцову, Аляксандра Лобана, Віталя Марухленку, Андрэя Акушку, Дзмітрыя Качаноўскага і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.