• Заявы
  • Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні сямі новых палітвязняў

Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні сямі новых палітвязняў

Апошняе абнаўленне: 10 сакавіка 2022
Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні сямі новых палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Аляксандр Гуліда, асуджаны па арт. 367 і 368 КК за паклёп на А. Лукашэнку і абразу А. Лукашэнкі да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  2. Уладзімір Сільвановіч, асуджаны па ч. 3 арт. 203 КК за распаўсюд персанальных дадзеных супрацоўніка МУС, арт. 370 КК за здзек з дзяржаўных сімвалаў, арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады і ч. 1 арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да двух гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  3. Канстанцін Прусаў, асуджаны па арт. 369 КК за а абразу прадстаўніка ўлады, ч. 1 арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі, арт. 367 КК за паклёп на А.Лукашэнку да трох гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  4. Яўген Банцэвіч, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  5. Уладзімір Матвейчык, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  6. Яўген Віславух, ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК за распальванне варожасці – каментар у сацыяльнай сетцы па “справе Зельцара”.
  7. Аляксандр Базараў, асуджаны па ч.1 арт.130 КК за каментар, які, згодна экспертызе, змяшчаў “ускоснае падахвочванне да гвалту над супрацоўнікамі МУС” да двух гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі у папраўчай калоніі.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Аляксандра Гуліду, Уладзіміра Сільвановіча, Канстанціна Прусава, Яўгена Банцэвіча, Уладзіміра Матвейчыка, Яўгена Віславуха, Аляксандра Базарава і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі камітэт;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.