• Заявы
  • Заява праваабаронцаў аб прызнанні пяці новых палітычных зняволеных

Заява праваабаронцаў аб прызнанні пяці новых палітычных зняволеных

Апошняе абнаўленне: 8 лютага 2022
Заява праваабаронцаў аб прызнанні пяці новых палітычных зняволеных
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.),  адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Лілія Ананян, узята пад варту па абвінавачванні па арт. 339 КК за маляванне ў грамадскіх месцах герба “Пагоні”;
  2. Таццяна Біруля, узята пад варту па абвінавачванні па арт. 367 КК за паклеп на А. Лукашэнку;
  3. Аляксандр Біруля, узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 367 КК за паклеп на А.Лукашэнку;
  4. Аляксандр Міхайлаў, асуджаны па арт. 366, 368, 369 КК за пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, абразу прадстаўніка ўлады, абразу А. Лукашэнкі ў каментарах да публікацый у тэлеграм-канале да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Галіна Міхальчук, асуджана па арт. 367, 368 і 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады, абразу і паклёп на А. Лукашэнку ў каментарах да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Лілію Ананян, Таццяну Бірулю, Аляксандра Бірулю, Аляксандра Міхайлава, Галіну Міхальчук і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.