Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 студзеня 2022 года)

Апошняе абнаўленне: 18 студзеня 2022
Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 студзеня 2022 года)

У перыяд 1–15 студзеня 2022 года вынесены прысуд у 2 крымінальных палітычна матываваных справах у дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў.

Працягнуліся масавыя звальненні за грамадзянскую пазіцыю з устаноў культуры і навучальных устаноў.

Вяртаецца крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя ліквідаваных або незарэгістраваных арганізацый, апублікаваны закон № 144-3 ад 4 студзеня пра крымінальную адказнасць за арганізацыю дзейнасці незарэгістраваных або пазбаўленых рэгістрацыі арганізацый.

Дзяржава манапалізуе права на змест нацыянальнай памяці: 5 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб генацыдзе беларускага народа», у якім не згадваюцца масавыя рэпрэсіі ў сталінскія часы і Халакост. 

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў.

1. 1 студзеня заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Больш за месяц ён не атрымліваў перадач і лістоў. 35 сутак заставаўся пад адміністрацыйным арыштам, а пасля была распачата крымінальная справа паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса – «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Паўла Белавуса затрымалі 15 лістапада.

2. 4 студзеня стала вядома, што філосафу Уладзіміру Мацкевічу працягнуты тэрмін утрымання пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Уладзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 года, з гэтага часу ён застаецца пад вартай. Яму выставілі абвінавачванне паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

3. 9 студзеня стала вядома, што Максіма Знака этапавалі для адбыцця пакарання ў папраўчую калонію Віцьба-3. Максім Знак – адвакат, сябра Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, паэт, бард. 9 верасня 2020 года быў затрыманы. 6 верасня 2021 года асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання).

4. 10 студзеня стала вядома, што 24 студзеня ў судзе Савецкага раёна пачнецца разгляд крымінальнай справы Аляксандра Васілевіча – сузаснавальніка анлайн-выданняў kyky.org і «The Village Беларусь», уладальніка агенцтва «Vondel/Hepta» і Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», аўтара напісанай у зняволенні кнігі казак «Папа и пингвин». Арыштаваны 26 жніўня 2020 года. 

5. 10 студзеня Алену Гнаўк, актывістку і публіцыстку, на 15 сутак змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Пружанах за парушэнне рэжыму адбывання «хатняй хіміі». У траўні 2021 года Алену Гнаўк асудзілі на два гады «хатняй хіміі» паводле «карагоднай справы» ў Брэсце, а потым дадалі два гады за абразу Лукашэнкі ў зале суда. Сумарна ёй прысудзілі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

6. 11 студзеня суд Фрунзенскага раёна г. Мінска вынес прысуд у крымінальнай справе гукааператара Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача Кірыла Салеева – 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Кірыла Салеева асудзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса – «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». Кірыл Салееў быў затрыманы 14 верасня 2021 года, абвінавачаны ва ўдзеле ў двух мірных маршах пратэсту ў Мінску: 27 верасня і 25 кастрычніка 2020 года. Да прысуду заставаўся пад вартай. 11 студзеня Кірыл Салееў вызвалены з-пад варты ў зале суда, ён будзе заставацца дома да вызначэння парадку адбывання пакарання.

7. 12 студзеня Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу мастака Алеся Пушкіна, якога абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму і здзеку з дзяржаўных сімвалаў» паводле ч. 3 арт. 130 (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2019 года) і арт. 370 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка 2021 года за размяшчэнне 19 сакавіка на выставе ў Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця партрэта антысавецкага дыверсанта Яўгена Жыхара; падчас следства прэтэнзіі паўсталі да цыкла карцін «Беларускі супраціў», мастак ствараў яго з 90-х гадоў XX стагоддзя. Акрамя гэтага, Алеся Пушкіна абвінавачваюць, што ў перыяд з 21 да 24 сакавіка 2021 года ён зладзіў у Кіеве перформанс, «падчас якога зневажаў дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь», г. зн. яго абвінавачваюць у паўторы ў сакавіку 2021 года (падчас выставы сучаснага беларускага мастацтва ў Кіеве) перформансу «Гной для прэзідэнта», упершыню выкананага мастаком у 1999 годзе. За гэты за перформанс ён быў асуджаны на два гады ўмоўна.

8. 13 студзеня 2022 года культуролага і пісьменніцу Юлію Чарняўскую вызвалілі з-пад хатняга арышту. З 20 траўня 2021 года Юлія Чарняўская была пад хатнім арыштам без магчымасці выходзіць з кватэры і камунікаваць з кімсьці, апрача адваката. Юлія Чарняўская па-ранейшаму праходзіць абвінавачванай у крымінальнай справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).

9. 14 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме вынесены прысуд дырэктару прыватнай друкарні і аўтару музычнага праекта «AF» Арцёму Федасенку. Яго асудзілі паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (распаўсюд матэрыялаў, што змяшчаюць заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і паводле арт. 342 (за ўдзел у мірных маршах у жніўні – верасні 2020 года). Прысуд – 4 гады калоніі агульнага рэжыму. 

II. Адміністрацыйныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў.

4 студзеня ў Баранавічах у дачыненні Руслана Равякі склалі пратакол паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях за захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У камп’ютары, забраным у Руслана Равякі у ліпені 2021 года падчас ператрусу ў рэдакцыі «Intex-press», знайшлі кнігу Адольфа Гітлера «Мая барацьба». Руслан Равяка паведаміў: «Напісаў нязгоду з пратаколам, бо не ведаю, адкуль у мяне такі файл з’явіўся». Камп’ютарам Руслан Равяка карыстаўся з 2013 або 2015 года, а файл пазначаны 2007 годам. На 12 студзеня 2022 года быў прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе, але суд не адбыўся, бо матэрыялы справы не перадалі з міліцыі. Руслан Равяка – рэдактар сайта баранавіцкай газеты «Intex-press», перакладчык, які пераклаў на беларускую мову апавяданні Станіслава Лема «Уранавыя вушы» і Вітальда Вірпшы «Смецце», раман Сяргея Пясецкага «Жыццё раззброенага чалавека».

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі.

1. Літаратуразнаўцу і праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які з ліпеня 2021 года ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску, абмяжоўваюць у ліставанні, пра гэта паведамляюць ягоныя сябры і калегі. 10 студзеня з СІЗА № 1 вярнулася бандэроль, дасланая з Бярозы. Бандэроль не была перададзена Алесю Бяляцкаму, бо ў адрасе быў указаны беларускі варыянт імя: «Алесь Віктаравіч» – а не «Аляксандр Віктаравіч», як запісана ў пашпарце. Гэта і стала фармальнай прычынай, каб не даставіць бандэроль адрасату і накіраваць яе назад.

2. 23 праверкі за месяц, начны медагляд з супрацоўнікам Іўеўскага РАУС і першая вымова за дазволены прыём у старшыні райвыканкама – Рэгіна Лавор распавяла Праваабарончаму цэнтру «Вясна», як яна адбывае «палітычную хатнюю хімію». Стваральніцу і першую дырэктарку Іўеўскага музея нацыянальных культур Рэгіну Лавор у верасні мінулага года асудзілі на два гады «хатняй хіміі». Яе абвінавацілі ў абразе начальніка Іўеўскага РАУС і старшага інспектара. «Хатнюю хімію» Рэгіна Лавор адбывае з 1 снежня, але ёй ужо выпісалі пакаранне за парушэнне рэжыму. «Думаю, што ціснуць на мяне, таму што не здаюся. […] Хочуць, каб я знікла, забілася ў куток. Для таго, каб я змаўчала, ім трэба будзе мяне забіць. Мне пяцьдзясят гадоў – і нішто і ніхто не паўплывае на маю пазіцыю».

IV. Забарона на прафесію і звальненні паводле ідэалагічных матываў.

1. 4 студзеня дырэктарка Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч паведаміла ў «Фэйсбуку» пра свой апошні дзень працы: «Сёння апошні дзень маёй працы ў Купалавым доме. Шчыра дзякую за амаль пятнаццаць гадоў жыцця побач з вамі. Яны былі лепшымі ў маёй прафесійнай дзейнасці». Алену Ляшковіч звольнілі за тое, што яна адмовілася звальняць музейных працаўнікоў паводле ідэалагічных прычынаў. 

2. З Міністэрства культуры звольнілі Наталлю Хвір і Святлану Краюшкіну, якія працавалі ва Упраўленні аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей Міністэрства культуры Беларусі. Наталля Хвір была начальніцай упраўлення, а Святлана Краюшкіна – намесніцай начальніка аддзела ўзгаднення і рэстаўрацыі.

V. Закрыццё культурніцкіх устаноў. 

3 студзеня культурніцкая ініцыятыва «Арт Сядзіба» спыніла дзейнасць. На старонцы «Арт Сядзібы» ў «Фэйсбуку» размясцілі тлумачэнне: « Па прычыне таго, што мы знаходзімся ў стадыі ліквідацыі, а яшчэ неўзабаве прымуць закон аб адказнасці за дзейнасць арганізацый, якія ліквідаваныя, мы прынялі рашэнне не працягваць дзейнасць. Дзякуем усім, хто быў з намі ўсе гэтыя гады». «Арт Сядзіба» адкрылася як незалежная пляцоўка для імпрэз, лекцый, семінараў, сустрэч 24 снежня 2011 года ў ГД «Гарызонт».

VI. Вяртаецца крымінальная адказнасць за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый.

4 студзеня апублікаваны закон № 144-3 пра крымінальную адказнасць за арганізацыю дзейнасці незарэгістраваных або пазбаўленых рэгістрацыі арганізацый. Закон уваходзіць у сілу праз 10 дзён пасля апублікавання.

VII. Дзяржава манапалізуе права на змест нацыянальнай памяці.

5 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб генацыдзе беларускага народа», якім «прадугледжваецца юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народу, учыненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд (да 1951 года), […] рэалізацыя закону будзе спрыяць недапушчальнасці скажэння вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама згуртаванасці беларускага грамадства». Гісторыкі звяртаюць увагу, што ў законе не згадваюцца масавыя рэпрэсіі ў сталінскія часы і Халакост.