У красавіку 2021 года адвакат з Ізміра (Заходняя Турцыя) падаў скаргу на Архана Памука, заявіўшы, што вядомы раманіст распаліў нянавісць і варожасць сярод грамадскасці, абразіўшы Мустафу Кемаля Атацюрка – заснавальніка сучаснай Турцыі – у сваёй апошняй кнізе “Чумныя ночы“. Акрамя таго, у скарзе Памук абвінавачваўся ў высмейванні турэцкага сцяга. Пракуратура Ізміра пачала расследаванне і накіравала справу свайму калегу ў Стамбул, які вырашыў не ўзбуджаць крымінальную справу. Пасля пазоўнік абскардзіў гэта рашэнне. Яго пратэст быў прыняты да разгляду міравым судом па крымінальных справах (penal court of peace) у лістападзе, што выклікала новае расследаванне. Памук адмаўляе ўсе абвінавачванні.
“Архан Памук – нацыянальны набытак Турцыі, літаратурная спадчына, чые словы гучаць па ўсім свеце і павінны быць прызнаныя такімі, аднак ён зноў апынуўся мішэнню для пераследу за свае творы. Турэцкія ўлады неаднаразова выкарыстоўвалі крымінальныя законы аб дыфамацыі, каб прымусіць замаўчаць тых, хто адважваецца выказваць сваё меркаванне, і гэты выпадак не з’яўляецца выключэннем. Супольнасць ПЭН-клуба выказвае салідарнасць з Памукам і заклікае ўлады спыніць крымінальны пераслед“,
– сказаў Бурхан Сенмез, прэзідэнт Міжнароднага ПЭН-клуба.
Закон 5816, “Закон аб злачынствах, учыненых супраць Атацюрка”, абараняе “памяць Атацюрка” ад абраз з боку любога грамадзяніна Турцыі і прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі. Міжнародны ПЭН выступае супраць крымінальнай адказнасці за дыфамацыю ва ўсіх выпадках і заклікае ўлады Турцыі адмяніць законы аб крымінальнай адказнасці за дыфамацыю і абразу.
Арыгінал заявы на сайце Міжнароднага ПЭНа па спасылцы.