Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Аўтар кніг «Пакаленне Маладога Фронту» (2002), «Нацыянальная ідэя» (2005), «Лісты з лесу» (2007), «Брату» (2007), «Люблю Беларусь» (2008), «Беларуская глыбіня» (2014), «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917-2017» (2017), «Сто асоб беларускай хрысціянскай дэмакратыі» (2017), «Беларусалім. Золак» (2017). «Каменнае сэрца» (2019, у серыі «Турэмная літаратура»), «Беларусалім. Сэрца Святла» (выйшаў у чэрвені 2020 года; прэзентацыя прайшла без аўтара, бо на той час ён месяц знаходзіўся за кратамі).
За кнігу «Беларуская глыбіня» (2014) — лаўрэат прэміі Францішка Аляхновіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам сумесна з Радыё Свабода за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.
За публіцыстычны цыкл «Лісты з лесу» (2007) — лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча, заснаванай Беларускім ПЭН-Цэнтрам.
Раман «Беларусалім. Золак» (2017) у 2018 годзе ўвайшоў у кароткі спіс прэміі імя Ежы Гедройца.
Першы раз па палітычыных матывах быў арыштаваны 2 красавіка 1998 года падчас апазіцыйнай маніфестацыі ў Мінску і за «зрыў канцэрта, прысвечанага аб’яднанню Расіі і Беларусі», змешчаны ў СІЗА. Праз два месяцы пад ціскам беларускай і міжнароднай грамадскасці вызвалены і адпраўлены пад падпіску аб нявыездзе ў Віцебск. Крымінальная справа закрытая ў лістападзе 1998 года. У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць «трэцяга тэрміну Лукашэнкі», якія адбыліся ў Мінску пасля «рэферэндуму-2004» 18 і 19 кастрычніка. Асуджаны да трох гадоў абмежавання волі (г. зв. «хіміі»), з улікам амністыі тэрмін скарочаны да двух гадоў. Адбываў пакаранне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна, дзе напісаў кнігу «Лісты з лесу». У снежні 2010 года, падчас масавай акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў («Плошча»), арыштаваны. Пяць месяцаў адбыў у турме КДБ, а затым два гады і два месяцы — у спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, дзе напісаў кнігу «Беларуская глыбіня». У той час прызнаны палітвязнем. Вызвалены ў кастрычніку 2013 года.
7 чэрвеня 2020 года Павел Севярынец быў затрыманы ў Мінску пасля таго, як правёў на плошчы перад Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. 21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Але ў дачыненні да Паўла Севярынца было выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.
25 траўня 2021 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Паўла Севярынца да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
10 ліпеня 2020 года прызнаны палітвязнем.
23 сакавіка 2022 г. палітвязня дадалі ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
У красавіку 2022 г. адміністрацыя папраўчай калоніі № 17 прызнала лідара Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі «злосным парушальнікам рэжыму». Тады яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў. У чэрвені Севярынец паведаміў родным, што яго пазбавілі і працяглага спаткання.
21 чэрвеня 2023 года ў Шклове ў ПК (папраўчай калоніі) №17 адбыўся суд па замене рэжыму ўтрымання Паўлу Севярынцу. Суд пастанавіў перавесці Паўла Севярынца на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады.
Адрас для ліставання: Севярынцу Паўлу Канстанцінавічу, 213004, вул. 1-я Заводская, д. 8, ІК 17, атрад 17, г. Шклоў, Магілёўская вобл.