Нарадзіўся ў творчай сям’і, яго бацька — акцёр Тэатра юнага гледача, маці — акцёрка моладзевага тэатра. У дзяцінстве Ігнат Сідорчык здымаўся ў фільме «Дунечка», пазней — у расійскіх серыялах («Мухтар. Новы след»). У мінскім Тэатры юнага гледача адыграў некалькі сезонаў у галоўнай ролі спектакля «Маленькі лорд Фаўнтлярой».
У 2011 годзе скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, кафедра рэжысуры. У якасці найлепшага студэнта быў накіраваны на стажыроўку ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава (УДІК).
У 2016 годзе з паэткай Юляй Ліж i сябрамі паставілі музычна-эксперыментальны спектакль «Учынена» і выступілі з ім у ДК імя Шарко.
Пасля некалькіх паспяховых сезонаў паэтычных вечароў «Чытаю на плоце» ў легендарным бары ДК разам з паэтам Сяргеем Даўгаполавым з’ехаў у Піцер, дзе яны гэтак жа арганізоўвалі паэтычныя вечары.
Чытаў вершы ў барах, на кватэрніках.
10 жніўня 2020 года Ігнат Сідорчык быў затрыманы, два дні яго бацькі не маглі знайсці сына. Падставай для крымінальнай справы быў тэлеграм-чат «Прагулка», які супрацоўнікі міліцыі выявілі ў Ігната Сідорчыка ў тэлефоне. Таксама яго абвінавачвалі ў блакаванні руху ўвечары пасля выбараў каля кінатэатра «Беларусь» у Мінску.
Пад вартай знаходзіўся ў ІЧУ г. Жодзіна, пазней быў пераведзены ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
16 лютага 2021 года суд Маскоўскага раёна Мінска асудзіў Ігната Сідорчыка да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу – «хіміі». Суддзя Юрый Машкетаў прызнаў Ігната Сідорчыка вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
16 лютага 2021 года ў зале суда быў вызвалены з-пад варты.
13 чэрвеня 2021 года быў накіраваны для адбыцця пакарання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ў Шклоў.
Прызнаны палітвязнем.
Ігнат вядзе старонку ў інстаграме, дзе публікуе свае вершы.
Адрас для ліставання: Сідорчыку Ігнату Ігаравічу, Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №49, 213010, вул. Маладзёжная, 2б, г. Шклоў.