Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра.
У 1986-1988 гадах — адзін з заснавальнікаў і старшыня Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» — літаратурнага аб’яднання, удзельнікамі якога 30 кастрычніка 1988 года ініцыяванае масавае шэсце ў дзень памяці продкаў «Дзяды». Мірная акцыя жорстка разагнаная ўладамі з выкарыстаннем дубінак і слезацечнага газу, Алесь Бяляцкі затрыманы і аштрафаваны. З 1989 да 1998 года працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. У красавіку 1996 года заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна-96», якая з 1998 года мае назву «Праваабарончы цэнтр «Вясна».
4 жніўня 2011 года Алесь Бяляцкі арыштаваны за праваабарончую дзейнасць, 24 кастрычніка 2011 года асуджаны да 4,5 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены 21 чэрвеня 2014 года.
Алесь Бяляцкі з’яўляецца аўтарам кніг «Літаратура і нацыя» (1991), «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера» (2006), «Асвечаныя беларушчынай» (2013), «Іртутнае срэбра жыцця» (2014), «Халоднае крыло радзімы» (2014), «Бой з сабой» (2016), «Турэмныя сшыткі» (2018). Пяць з гэтых кніг напісаныя за кратамі.
Прэміі за грамадскую дзейнасць: імя Пера Ангера (2006), імя Андрэя Сахарава (2006), «Homo Homini», якую ўручыў Вацлаў Гавел (2006), Дзярждэпартамента ЗША (2012), Леха Валенсы (2012), імя Петры Кэлі ў знак прызнання дзейнасці ў адстойванні правоў чалавека ў Беларусі (2012), Вацлава Гавела ад ПАСЕ (2013), «За правы чалавека і вяршэнства закона» (2019), «За годны лад жыцця» (2020).
Пяць разоў быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру.
Літаратурныя прэміі: прэмія Нарвежскага саюза пісьменнікаў «За свабоду слова» (2011), прэмія імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-Цэнтра сумесна з Радыё Свабода за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, за кнігу «Іртутнае срэбра жыцця. Пралог: нататкі праваабаронцы» (2014).
7 красавіка 2021 года Алеся Бяляцкага выклікалі на допыт у цэнтральны апарат Следчага камітэта. Алесь Бяляцкі запатрабаваў пратакол допыту па-беларуску. У выніку следчыя мерапрыемствы былі перанесеныя на некалькі дзён, якія спатрэбіліся для перакладу дакументаў на беларускую мову. Допыт адбыўся ў межах крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
14 ліпеня 2021 года арыштаваны ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).
6 кастрычніка стала вядома, што Алесю Бяляцкаму прад’явілі абвінавачванне па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў).
15 ліпеня 2021 года прызнаны палітвязнем.
28 студзеня 2022 года ў судзе Партызанскага раёна Мінска ў закрытым рэжыме разглядзелі чарговую скаргу Алеся Бяляцкага на падаўжэнне тэрміна заключэння пад варту. Суддзя Наталля Дзядкова пакінула скаргу без задавальнення.
26 верасня 2022 года стала вядома, што крымінальная справа ў дачыненні Валянціна Стэфановіча, меркавана Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нясплата падаткаў) спыненая. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў тым, што яны “не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобах, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падаткавым агентам”. Але Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачванні ў кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228КК і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342КК. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за несплату падаткаў. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.
7 кастрычніка 2022 г. Нобелеўскі камітэт паведаміў, што Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
5 студзеня 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся суд у крымінальнай справе праваабарончага цэнтра «Вясна». Сярод падсудных – лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна», літаратуразнаўца, сябра Беларускага ПЭНа Алесь Бяляцкі. Акрамя кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, на лаве падсудных – яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Зміцер Салаўёў, якога судзяць завочна, знаходзіцца за межамі краіны. Алесь Бяляцкі з калегамі былі арыштаваны 14 ліпеня 2021 года, з таго часу ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Праваабаронцаў судзяць паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Падсудныя ўтрымліваюцца ў кайданках і ў закратаванай клетцы. На судзе Алесь Бяляцкі заявіў хадайніцтвы – весці судовы працэс на беларускай мове і зняць кайданкі. Суддзя не задаволіла хадайніцтваў. Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца з больш чым 70 тамамі матэрыялаў крымінальнай справы, прасіў даць яму час. Суд заявіў, што Бяляцкі меў дастаткова часу (месяц) і няма падставы даваць яму дадатковы час для азнаямлення з матэрыяламі справы.
Алесь Бяляцкі патрабаваў прылады для пісьма, бо мае ўсяго толькі стрыжні ад ручак, якімі немагчыма рабіць запісы падчас судовага пасяджэння. Падчас судовага працэсу створаны перашкоды для назіральнікаў. 5 студзеня на судзе ў «справе “Вясны”» затрымалі расійскую праваабаронцу Кацярыну Яньшыну, якая супрацоўнічае з «Мемарыялам». За тое, што яна рабіла фота і вяла трансляцыю з судовай залы, яе асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула аб дробным хуліганстве (19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ). Прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу на судовы працэс у «справе “Вясны”» не пусцілі.
У лістах з турмы дасылае ўспаміны пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў 1989-1998 гадах.
3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска вынесены жорсткі і несправядлівы прысуд праваабаронцу, літаратару, лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму: 10 гадоў калоніі і 5000 базавых велічынь штрафу (185000 рублёў). Паводле палітычна матываванай справы «Вясны» таксама асудзілі Валянціна Стэфановіча на 9 гадоў калоніі, Уладзіміра Лабковіча на 7 гадоў калоніі, Змітра Салаўёва на 8 гадоў (ён застаецца за межамі краіны, суд разглядаў справу і вынес прысуд завочна). Кожнаму з асуджаных прызначаны штраф у 3000 базавых велічынь (111 000 рублёў). За дзейнасць па абароне правоў чалавека і за дапамогу рэпрэсаваным праваабаронцаў надумана абвінавацілі і асудзілі паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда арганізаванай групай) і ч. 2 арт. 342 (фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Суд праходзіў у адкрытым рэжыме. Падчас суда праваабаронцы трапілі пад прэсінг, цкаванне і дыфамацыю ў праўладных СМІ. Алесь Бяляцкі ў апошнім слове на судзе назваў справу «Вясны» палітычна матываванай і асобна адзначыў парушэнне моўных правоў у судовым працэсе: «Абвінавачанне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я як абвінавачваны з’яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. […] Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачання. Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачанне».
21 красавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў, суд пакінуў іх без задавальнення.
2 траўня 2023 года стала вядома, што Алеся Бяляцкага этапавалі ў калонію ўзмоцненага рэжыму № 9 у Горках.
Адрас для ліставання: Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, ПК № 9, вул. Дабралюбава, 16, 213410, г. Горкі, Магілёўская вобласць.
Алесь Бяляцкі
А. Бяляцкі. Алесь. Менск – Варшава – Менск, 2022
А. Бяляцкі. Турэмныя сшыткі. Мінск, 2018
А. Бяляцкі. Бой з сабой: Творчы партрэт паэта Эдуарда Акуліна. Мінск, 2016
А. Бяляцкі. Іртутнае срэбра жыцця. Мінск, 2014
А. Бяляцкі. Халоднае крыло радзімы. Вільня, 2014
А. Бяляцкі. Асвечаныя беларушчынай. Вільня, 2013
А. Бяляцкі. Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера. Менск, 2006
А. Бяляцкі. Літаратура і нацыя. Мінск, 1991