• Навiны
  • Абвешчаны пераможцы прэміі Шэрмана

Абвешчаны пераможцы прэміі Шэрмана

Апошняе абнаўленне: 28 кастрычніка 2021
Абвешчаны пераможцы прэміі Шэрмана
Сёння, 28 кастрычніка, абвешчаны імёны пераможцаў прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшы пераклад на беларускую мову. Прэмія прысуджаецца ў трох намінацыях: пераклад прозы, пераклад паэзіі і пераклад дзіцячай кнігі.  

Пераможцамі сталі:

У намінацыі “пераклад прозы” Вольга Гронская, пераклад з нямецкай – Даніэль Кельман “Тыль”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

У намінацыі “пераклад паэзіі” – Юля Цімафеева, пераклад з англійскай – Стывен Крэйн “Выбраныя вершы”. Выдавец Зміцер Колас, Мінск.

У намінацыі “пераклад дзіцячай кнігі” – Алена Пятровіч, пераклад з англійскай – Дж.К. Роўлінг “Гары Потэр і таемная зала”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск.

У гэтым годзе ў конкурсе ўдзельнічалі 24 кнігі, перакладзеныя з 11 моў, сярод якіх ідыш і нарвежская, а таксама ісландская і харвацкая. На прэмію прымаліся пераклады мастацкіх кніг на беларускую мову, выдадзеныя ўпершыню ў папяровым ці электронным варыянце ў 2020 годзе (альбо ў 2019, калі кніга не была пададзеная ў мінулым сезоне).

У журы прэміі Шэрмана сёлета ўвайшлі: пісьменніца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Вера Бурлак; выкладчыца, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Ганна Бутырчык; паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца Аксана Данільчык; літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук Дзяніс Кандакоў.


Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. Заснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Мясцовы дабрачынны фонд “Вяртанне”.

Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў.