• Заявы
  • Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні шасці новых палітвязняў

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні шасці новых палітвязняў

Апошняе абнаўленне: 25 кастрычніка 2021
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні шасці новых палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў змяшчэння пад варту, асуджэння і пазбаўлення волі грамадзян краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са здзекам над дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (сумесную заяву ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем:

намі атрымана інфармацыя аб наступных асобах, пазбаўленых волі па абвінавачванні ў абразе прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а таксама выкарыстанні іншых дапушчальных формаў выказвання меркаванняў:

Андрэй Сцепанькоў (заключаны пад варту па арт. 130 і 369 КК), Аляксандр Галкоўскі і Багдан Шымановіч (накіраваныя ў ПУАТ па арт. 368 КК), Юры Нагорны (накіраваны ў ПУАТ па арт. 369 КК), Андрэй Чарнеўскі (накіраваны ў ПУАТ па арт. 370 КК), Алег Гармазінскі (накіраваны ў калонію па арт. 368 КК).

У сувязі з гэтым мы лічым іх пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываванымі, звязанымі з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх – палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць палітвязняў Андрэя Сцепанькова, Аляксандра Галкоўскага, Багдана Шымановіча, Юрыя Нагорнага, Андрэя Чарнеўскага, Алега Гармазінскага і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.

Прыняць меры, накіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб, а менавіта – артыкулаў 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.

Праваабарончы цэнтр”Вясна”;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Ідэнтычнасць і права;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

“Прававая ініцыятыва”;

Human Constanta.