• Заявы
  • Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення чацвярых палітычных зняволеных

Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення чацвярых палітычных зняволеных

Апошняе абнаўленне: 14 верасня 2021
Патрабуем неадкладнага перагляду прысудаў і вызвалення чацвярых палітычных зняволеных
Уладзімір Жук і Арцём Саковіч, spring96.org
Сумесная заява беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з вынясеннем судамі шэрагу прысудаў па крымінальных справах, звязаных з абвінавачваннем удзельнікаў пратэстных акцый і іншых асобаў па палітычных матывах ва ўжыванні гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі, супрацівам з ужываннем гвалту ў адносінах да супрацоўніка МУС, іншых службовых асобаў, якія выконваюць службовыя абавязкі (арт. 363, 364, 366 КК), у адносінах да:

  • Уладзіміра Жука, які 27 жніўня 2021 г. асуджаны судом Светлагорскага раёна паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і паводле арт. 364 УК за гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі: У. Жук удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Жлобіне і, згодна з версіяй абвінавачвання, аказаў супраціў супрацоўнікам МУС, якія разганялі людзей;
  • Аляксея Шчытнікава, які 7 верасня 2021 г. асуджаны судом Маскоўскага раёна Мінска паводле ч. 2 арт. 218 КК за пашкоджанне чужой маёмасці і паводле арт. 364 КК за гвалт або пагрозу ўжывання гвалту ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі: А. Шчытнікаў ненаўмысна сутыкнуўся з аўтамабілем ДАІ, пасля чаго зазнаў напад сілавіка без апазнавальных знакаў, у паніцы з’ехаў, пасля чаго здаўся экіпажу патрульнага аўтамабіля;
  • Аляксандра Зайкоўскага, які 7 верасня 2021 г. асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска паводле арт. 364 КК за пагрозу гвалтам у адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі: А. Зайкоўскі кінуў бутэльку ў аўтобус МУС, ад чаго аўтобус атрымаў малаважныя пашкоджанні;
  • Арцёма Саковіча, які 10 верасня 2021 г. быў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска паводле ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і паводле ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 за падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама паводле ч.1 арт. 13, ч. 2 арт. 295-3 КК за падрыхтоўку да незаконнага вырабу і нашэння рэчываў, паражальнае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых сродкаў, да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі: А.Саковіч знаходзіўся ў раёне правядзення пратэстных акцый, а на наступны дзень быў затрыманы ў групе людзей, якіх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да вырабу “кактэйляў Молатава”, пры гэтым удзел Саковіча ў дзеяннях па іх вырабе і намер пераносіць і ўжываць гэтыя рэчывы не былі даказаныя ў судзе.

яшчэ раз пацвярджаючы сваю пазіцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый ад 16 студзеня 2021 года, мы адзначаем наступнае:

мірныя сходы грамадзян павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і ўжыванне фізічнай сілы, а тым больш адмысловых сродкаў і зброі да пратэстоўцаў, павінна ажыццяўляцца толькі як скрайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар і ўяўляюць рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзян.

Непрапарцыйна жорсткія дзеянні міліцыі, накіраваныя на спыненне мірных сходаў, нельга разглядаць як законную дзейнасць па абароне і ахове грамадскага парадку, а ў выпадках прычынення ў адносінах да прадстаўнікоў МУС справакаванага імі ж гвалту “ў адказ” з боку пратэстоўцаў, гэтыя дзеянні неабходна разглядаць, зыходзячы з цяжкасці нанесенай шкоды здароўю і намеру на прычыненне такой шкоды, а таксама як абарону ад відавочна неправамерных дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі ў тым ліку паводле незаконнага загаду (неабходная абарона, скрайняя неабходнасць).

Акрамя таго, адзначаем, што пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Згодна з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, гвалт, які быў справакаваны зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў, і калі ў дзеяннях абвінавачванага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды ці шкоды каму-небудзь, не перашкаджае разглядаць гэтых асобаў у якасці палітычных зняволеных.

Акрамя таго, маніторынг гэтых судовых пасяджэнняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім вінавацяцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносяцца па такіх жа катэгорыях справаў па-за палітычным кантэкстам.

Працягласць ці ўмовы зняволення па прысудах, вынесеных у адносінах да ўдзельнікаў пратэстных сходаў, відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, па якім гэтыя асобы былі прызнаныя вінаватымі.

Усе гэтыя акалічнасці даюць падставы сцвярджаць, што пераслед згаданых асобаў носіць палітычна матываваны характар, а самі асобы з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі.

Зыходзячы з гэтага і кіруючыся п. 3.2 (a, b, c, d) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, мы прызнаём палітвязнямі Уладзіміра Жука, Аляксея Шчытнікава, Аляксандра Зайкоўскага, Арцёма Саковіча.

Лічым неабходным патрабаваць для гэтых палітычных зняволеных неадкладнага перагляду прынятых у адносінах да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівы судовы разгляд і ўхіленні згаданых фактараў, а таксама вызвалення іх з ужываннем іншых мер, якія забяспечваюць яўку ў суд.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

“Прававая ініцыятыва”;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”.