• Заявы
  • Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох палітвязняў

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох палітвязняў

Апошняе абнаўленне: 20 жніўня 2021
Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні чатырох палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правааабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрымана інфармацыя аб наступных асобах, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а таксама выкарыстанне іншых дапушчальных формаў выказвання меркаванняў:

  1. Ганна Ільіна ў Магілёве ўзятая пад варту па абвінавачванні ў паклёпе на прэзідэнта па артыкуле 367 КК;
  2. Вячаслаў Караткевіч 21 красавіка 2021 года судом Ленінскага раёна г. Магілёва асуджаны за нанясенне бел-чырвона-белых малюнкаў па арт. 341 КК да 2 месяцаў арышту, накіраваны адбываць пакаранне;
  3. Міхаіл Бераснеў асуджаны 23 красавіка 2021 г. за нанясенне пратэстных надпісаў судом Маскоўскага раёна раёна г. Мінска па арт. 339 КК да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  4. Пётр Зіневіч асуджаны 25 траўня судом Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы за паклёп у дачыненні да супрацоўніка міліцыі паводле арт. 188 КК да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць палітвязняў Ганну Ільіну, Міхаіла Бераснева, Пятра Зіневіча і Вячаслава Караткевіча і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  • Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

“Прававая ініцыятыва”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН-цэнтр.