• Заявы
  • Заява аб прызнанні Таццяны Вадалажскай і Уладзіміра Мацкевіча палітзняволенымі

Заява аб прызнанні Таццяны Вадалажскай і Уладзіміра Мацкевіча палітзняволенымі

Апошняе абнаўленне: 6 жніўня 2021
Заява аб прызнанні Таццяны Вадалажскай і Уладзіміра Мацкевіча палітзняволенымі
spring96.org
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

4 жніўня ў Беларусі пасля ператрусаў былі затрыманы Уладзімір Мацкевіч — беларускі філосаф і метадолаг, грамадскі дзеяч; Таццяна Вадалажская — сацыёлаг, старэйшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, эксперт аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналогій; Аксана Шэлест — старэйшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі; Улад Вялічка — эксперт па арганізацыйным развіцці, грамадскі дзеяч.

Уладзімір Мацкевіч і Таццяна Вадалажская дагэтуль знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, заяўляем: працяг запалохванняў і арыштаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, адвольнае пазбаўленне волі сталі звыклай практыкай органаў, закліканых у дэмакратычным грамадстве забяспечваць законнасць і правапарадак. Свабода і асабістая недатыкальнасць, адны з асноватворных правоў чалавека, перасталі ўспрымацца ўладамі як непарушныя і абавязковыя да павагі і абароны.

Мы лічым, што зняволенне Уладзіміра Мацкевіча і Таццяны Вадалажскай — вядомых навуковых і грамадскіх дзеячаў — было ўжыта выключна з-за іх перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а)  Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць палітвязняў Уладзіміра Мацкевіча і Таццяну Вадалажскую і спыніць крымінальны пераслед у іх дачыненні.
  • Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

“Прававая ініцыятыва”;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава; 

Беларускі ПЭН-цэнтр.