29 чэрвеня ў Беларусі была затрымана і змешчана пад варту эксперт у сферы дзяржкіравання SYMPA, вядомая прадстаўніца экспертна-аналітычнай супольнасці Беларусі Таццяна Кузіна. 30 чэрвеня пасля ператрусу затрымана і змешчана пад варту Валерыя Касцюгава – палітолаг, аналітык, рэдактар рэсурсу “Наше мнение”.
16 ліпеня пасля ператрусаў былі затрыманыя журналісты “Радыё Свабода” Алег Груздзіловіч, Інэса Студзінская і Алесь Дашчынскі, якія шмат гадоў прапрацавалі ў гэтым СМІ, вядомыя па матэрыялах, што асвятляюць найважнейшыя грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі, а таксама журналісты Ганна Галёта з тэлеканала “Белсат” і Ігар Ільяш.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, заяўляем: на працягу доўгага часу ўлады Беларусі мэтанакіравана праводзяць палітыку абмежавання правоў і свабод, падвяргаючы рэпрэсіям прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і абмяжоўваючы магчымасці грамадзян свабодна шукаць і атрымліваць інфармацыю. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года гэты працэс імкнецца да крытычнай кропкі: уладамі дэманстратыўна душыцца любое іншадумства, а любыя дзеянні, якія маюць легітымныя мэты ў адпаведнасці з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах – права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў, права на свабоднае выказванне свайго меркавання, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або шляхам друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі па свайму выбару, становяцца падставай для адвольнага крымінальнага пераследу.
Мы падкрэсліваем, што абмежаванне права ў адпаведнасці з арт. 19 МПГПП дапускаецца выключна для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб і для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.
Мы падзяляем пазіцыю, у адпаведнасці з якой “усе правы чалавека ўніверсальныя, непадзельныя, ўзаемазалежныя і ўзаемазвязаны. Гэтая ўзаемазалежнасць становіцца вельмі відавочнай падчас дыскусіі аб тым, як права на свабоду слова суадносіцца з іншымі правамі чалавека. Рэалізацыя права на свабоду выказвання меркаванняў робіць магчымымі жывыя, шматгранныя дэбаты па пытаннях, якія цікавяць грамадства, агучваюць розныя падыходы і пункты гледжання. Павага да свабоды выказвання гуляе вырашальную ролю ў забеспячэнні дэмакратыі і ўстойлівага развіцця чалавечага патэнцыялу і садзейнічае ўсталяванню міру і бяспекі на зямлі”.
Разам з тым, з трывогай канстатуем, што прагрэсіўны і дэмакратычны падыход да рэалізацыі права па артыкуле 19 МПГПП у Беларусі выцясняецца агрэсіўнай дзяржаўнай прапагандай, навязваючай афіцыйную ідэалогію, якая распальвае нянавісць у дачыненні да іншадумства, альтэрнатыўных палітычных пазіцый і пераваг і асобных сацыяльных груп.
Такім чынам, мы лічым, што пазбаўленне волі Таццяны Кузінай, Валерыі Касцюгавай, Алега Груздзіловіча, Інэсы Студзінскай, Алеся Дашчынскага, Ігара Ільяша, Ганны Галёты было ўжыта выключна з-за іх перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, гарантаванай Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх – палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны вязень”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Таццяну Кузіну, Валерыю Касцюгаву, Алега Груздзіловіча, Інэсу Студзінскую, Алеся Дашчынскага, Ігара Ільяша, Ганну Галёту і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.