Журы прэміі Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткім спісам прэтэндэнтаў на перамогу. У яго ўвайшлі:
- Міхал Бараноўскі “Volumen.2”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
- Алеся Башарымава “Расамаха”. Выдавецтва “Медысонт”, Мінск.
- Вольга Гапеева “словы якія са мной адбыліся”. Выдавецтва “Галіяфы”, Мінск.
- Юля Цімафеева “ROT”. Выдавецтва “Янушкевіч”, Мінск; выдавецтва “Вясна”, Прага.
Па статуце прэміі ў кароткі спіс могуць увайсці тры кнігі, але сябры журы прынялі рашэнне зрабіць кароткі спіс з чатырох пазіцый.
“Ужо тое, што замест меркаванай тройкі шорт-лістэраў атрымалася чацвёрка, сведчыць пра моцны і годны склад прэтэндэнтаў на прэмію. Гэта той выпадак, калі журы вымушана сапраўды крыху паламаць галаву, а потым урэшце прыняць нешта кшталту “саламонавага рашэння”. І, як трэба было чакаць, лідарства трымаюць кнігі, аўтары якіх здолелі сказаць нешта новае і адлюстраваць свой непаўторны свет. Свет, які, напэўна, не зблытаеш з чыім-небудзь іншым. Хай ён нават каму-небудзь падасца і дзівакаватым-дзікаватым”,
— дзеліцца сваімі ўражаннямі сябра журы, паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: паэт і літаратуразнаўца Віктар Жыбуль, паэт і перакладчык Сяргей Прылуцкі, пісьменніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец, паэтка, бард, выкладчыца Лера Сом, паэт, перакладчык і лаўрэат прэміі Наталлі Арсенневай 2020 Андрэй Хадановіч.
Прэмія за найлепшую кнігу паэзіі была заснаваная ў 2017 годзе ў гонар Наталлі Арсенневай – выбітнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа”.
У 2020 годзе прэмію атрымаў Андрэй Хадановіч за кнігу “Школа травы”, у 2019 – Марыя Мартысевіч за кнігу “Сарматыя”, у 2018 годзе Алесь Разанаў і яго кніга “Перавыбранае”. Першым лаўрэтам прэміі быў Уладзімір Някляеў, які ў 2017 годзе атрымаў ўзнагароду за кнігу “Толькі вершы”.
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”. Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана і Беларускага Харытатыўнага Траста.
Сачыць за навінамі прэміі Наталлі Арсенневай можна на старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас [email protected].