4 студзеня была затрыманая вядомая актывістка Вольга Маёрава, ёй было выстаўленае абвінавачванне паводле арт. 289 КК (“Акт тэрарызму”). У адпаведнасці з інфармацыяй, распаўсюджанай дзяржаўным тэлебачаннем, яна адміністравала сацыяльныя сеткі Мікалая Аўтуховіча, які таксама абвінавачваецца ў здзяйсненні акту тэрарызму, вяла тэлеграм-канал. Як вынікае з сюжэту, В. Маёрава толькі каментавала падзеі ад імя М. Аўтуховіча, не будучы дасведчанай аб канкрэтных планах і дзеяннях апошняга, шукаючы інфармацыю пра іх у пошукавай сістэме сеткі Інтэрнэт.
Са сродкаў масавай інфармацыі праваабаронцам таксама стала вядома аб тым, што ў сакавіку 2021 года быў затрыманы і змешчаны пад варту па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе капітан Дзяніс Урад, які, знаходзячыся на дзяжурстве на пасадзе спецсувязі Генштаба Узброеных Сіл сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны аб уцягванні вайскоўцаў Узброеных Сіл у дзейнасць па падтрыманні правапарадку і накіраваў копію тэлеграм-каналу.
У адпаведнасці з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання: гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў.
Карыстанне прадугледжанымі ў пункце 2 артыкула 19 Пакта правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яны могуць быць, такім чынам, спалучаныя з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя Законам і з’яўляцца неабходнымі:
a) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб;
b) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.
Камітэт па правах чалавека адзначае, што свабодныя сродкі інфармацыі, якія не падлягаюць цэнзуры і абмежаванням, у любым грамадстве з’яўляюцца важным элементам забеспячэння свабоды меркаванняў і іх выказвання, а таксама рэалізацыі іншых прадугледжаных Пактам правоў, з’яўляючыся адным з краевугольных камянёў дэмакратычнага грамадства. Асаблівае значэнне мае свабодны абмен інфармацыяй і думкамі па дзяржаўных і палітычных пытаннях з магчымасцю каментаваць дзяржаўныя пытанні без кантролю або абмежаванняў і інфармаваць пра іх грамадскасць. Таксама Камітэт заклікае ўлічваць маштабы змяненняў у інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогіях, якія істотна змянілі метады зносін ва ўсім свеце, стварыўшы новую глабальную сетку для абмену ідэямі і думкамі.
Камітэт падкрэслівае неабходнасць адкрыць шырокі доступ да ўрадавай інфармацыі, якая мае грамадскі інтарэс з мэтай эфектыўнага ажыццяўлення права на доступ да інфармацыі, дапушчаючы толькі дзве вузкія вобласці абмежавання гэтага права, якія могуць адносіцца альбо да павагі правоў або рэпутацыі іншых асобаў, альбо да аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя і маральнасці насельніцтва. Тым не менш, калі дзяржава-удзельніца устанаўлівае абмежаванні на ажыццяўленне права на свабоднае выказвання меркавання, гэтыя абмежаванні не павінны ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права. Абмежаванні павінны строга адказваць патрабаванню неабходнасці і суразмернасці.
Ацэньваючы інфармацыю пра ўчынак Д. Урада і прынятых у яго дачыненні рэпрэсіўных мер, мы зыходзілі з заснаванай на Пакце пазіцыі Камітэта па правах чалавека, згодна з якой парушэннем п. 3 арт. 19 Пакта будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў ці іншых асобаў за распаўсюд такой інфармацыі.
У адпаведнасці з законам, у мірны час асноўнымі задачамі Узброеных Сіл, акрамя спецыфічных вайскоўцаў, з’яўляюцца ўдзел у вырашэнні ўнутранага ўзброенага канфлікту і забеспячэнне ва ўзаемадзеянні з іншымі войскамі і вайсковымі фарміраваннямі, ваенізаванымі арганізацыямі ваеннага становішча, рэжыму надзвычайнага становішча. Адпаведна, прыцягненне Узброеных Сіл для выканання задач, не звязаных з забеспячэннем ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу, не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў неабходнасці абароны насельніцтва і аказання яму дапамогі пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Ваеннае або надзвычайнае становішча ўводзіцца ў краіне ва ўстаноўленым парадку пры наяўнасці адпаведных падстаў. Узброеныя Сілы могуць прыцягвацца да ўзмацненні аховы крытычна важных аб’ектаў. Закон таксама дапускае прыцягненні арміі ў іншых выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі, аднак такія акты не павінны падрываць устаноўленых законамі прынцыпаў няўдзелу Узброеных Сіл ва ўнутраных палітычных канфліктах. Парушэнне гэтага прынцыпу будзе спрыяць эскалацыі грамадска-палітычнага супрацьстаяння, аслабіць адзінства і боегатоўнасць Узброеных Сіл перад знешнімі пагрозамі, а акрамя гэтага можа пацягнуць іншыя цяжкія наступствы – як гэта адбылося ў жніўні 2020 года ў г. Брэсце, дзе вайскоўцы сіл спецыяльных аперацый УС, якія не маюць навыкаў узаемадзеяння з грамадзянскім насельніцтвам пры ахове правапарадку, былі накіраваныя на падаўленне мірных пратэстаў з баявой зброяй, у выніку чаго адным з іх быў застрэлены Генадзь Шутаў.
У адпаведнасці з Законам “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, не могуць быць абмежаваныя доступ да інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне інфармацыі аб фактах парушэння законнасці і інфармацыі, якая адлюстроўвае стан грамадскай бяспекі.
Такім чынам, няма сумневу, што Д. Урад дзейнічаў у грамадскіх інтарэсах, а абгрунтаванне міністрам унутраных спраў мэты прыцягнення вайскоўцаў да паліцэйскіх функцый “для аховы аб’ектаў, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове, што забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і функцыянаванне транспарту, і аб’ектаў, якія прадстаўляюць павышаную небяспеку для жыцця і здароўя людзей” – гэта маніпуляцыя нормамі закона, бо, напрыклад, у вёсках Бараўляны і Копішча Мінскага раёна, куды планавалася накіраваць 50 вайскоўцаў, такіх аб’ектаў няма, а ёсць ачагі мірнай пратэстнай актыўнасці грамадзянаў (комплекс “Новая Баравая” ў в. Копішча).
Ацэньваючы інфармацыю аб дзейнасці А. Маёравай і характары прынятых у яе дачыненні мераў, мы спасылаемся на пазіцыю Камітэта па правах чалавека, які заклікаў дзяржавы забяспечваць сумяшчальнасць антытэрарыстычных мераў з п. 3 арт. 19 Пакта. На думку Камітэта, такія правапарушэнні як “заахвочванне тэрарызму” і “экстрэмісцкая дзейнасць”, а таксама правапарушэнні “ўсхвалення”, “праслаўлення” або “апраўдання” тэрарызму павінны мець выразныя вызначэнні для гарантыі таго, што іх прымяненне не вядзе да недарэчнага або неадпаведнага ўмяшання ў ажыццяўленне права на свабоднае выказванне меркаванняў.
Акрамя таго, з улікам асабістых якасцяў абодвух абвінавачаных любое расследаванне ў дачыненні да іх магло весціся ва ўмовах, калі тыя знаходзяцца на волі, з забеспячэннем гарантый яўкі ў органы расследавання і ў суд, таму заключэнне іх пад варту трэба расцэньваць як адвольнае пазбаўленне волі.
Мы лічым, што арышт і ўтрыманне пад вартай Вольгі Маёравай і Дзяніса Урада зроблены ў парушэнне абавязацельстваў дзяржавы па арт. 19 Пакта і накіраваны на дасягненне непрымальных ў дэмакратычным грамадстве мэтаў: умацаванне альбо ўтрыманне ўлады суб’ектамі ўладных паўнамоцтваў; недобраахвотнае спыненне або змяненне характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці.
Згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, зацверджаным беларускай праваабарончай супольнасцю на ІІІ Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з’яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.
З трывогай адзначаючы, што крымінальны пераслед А. Маёравай і Д. Урада вядзецца па адным з найбольш цяжкіх складаў злачынстваў, заяўляем, ён з’яўляецца палітычна матываваным, а самі пералічаныя асобы – палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладнага вызвалення Вольгі Маёравай і Дзяніса Урада і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
“Ініцыятыва FORB”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр.