
Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: найлепшы літаратурны твор для дзяцей і падлеткаў (гэта можа быць проза, паэзія, драматургія) і найлепшае мастацкае афармленне кнігі. Пераможцу кожнай намінацыі вызначае асобнае журы. Лаўрэаты (аўтар/аўтарка арыгінальнага беларускага твору і мастак/мастачка) атрымаюць грашовы прыз.
Каб падаць кнігу на конкурс, трэба да 30 красавіка запоўніць адмысловую форму. Прапанаваць кнігу на разгляд могуць самі аўтары і мастакі, сябры журы, аргкамітэт прэміі, выдавецтвы і наогул любы зацікаўлены чытач.
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года. За гэты час пераможцамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”, Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, Валер Гапееў з кнігай “Мая мілая ведзьма” і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна “Азбука. Вясёлы вулей”, Вера Бурлак з кнігай вершаў “Фантазюркі” і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясмінскай “Чаму Меша не мае хаты”.
Летась лаўрэаткамі сталі Зараслава Камінская з кнігай “Калядны стол” і Вераніка Шпак, якая аформіла кнігу Генадзя Аўласенкі «Як зубраня “Зубраня” наведала».