Пачатак красавіка адзначыўся ў Беларусі новай хваляй пераследу ў дачыненні да беларускіх праваабаронцаў.
5 красавіка прайшоў ператрус у грамадскім аб’яднанні “Звяно”, а таксама дома ў праваабаронцы Таццяны Гацуры-Яворскай і актывістак Наталлі Трэніной і Юліі Сяменчанка. Усе яны мелі дачыненне да выставы “Машына дыхае, а я – не”. Выстава была прысвечана беларускім медыкам і выклікам, з якімі яны сутыкнуліся за апошні час: пандэміяй COVID-19 і палітызацыяй сістэмы аховы здароўя. Выстава пачала працу 30 сакавіка, але ўжо 1 красавіка пляцоўку, на якой праходзіла выстава, закрылі ў выніку праверкі МНС і санстанцыі, а выстава была перанесеная ў анлайн.
У цяперашні час вядома, што праваабаронца, кіраўніца ГА “Звяно” Таццяна Гацура-Яворская знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна, а ў дачыненні да яе распачатая крымінальная справа.
6 красавіка сілавікі правялі ператрус у кватэры бацькоў праваабаронцы, удзельніцы каманды Human Constanta, члена назіральнага савета Офіса па правах людзей з інваліднасцю Эніры Браніцкай, у апошні час Эніра актыўна працавала па тэмах катаванняў, правоў людзей з інваліднасцю, правоў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Беларусі, а таксама ўдзельнічала ў назіранні за выбарчым працэсам у розных краінах у складзе міжнародных місій БДІПЧ АБСЕ.
Пасля ператрусу ў бацькоў ператрус быў праведзены ў яе кватэры, дзе яна знаходзілася разам з дзецьмі. Афіцыйнай падставай для ператрусу было названа крымінальная справа аб масавых беспарадках і дзейнасць Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. Падчас ператрусу ў кватэры праваабаронцы выключылі электрычнасць, сувязі з ёй не было да заканчэння працэсуальных дзеянняў. Цяпер яна на волі, у яе канфіскавалі тэхніку і абмежавалі выезд з краіны. Таксама яна выкліканая на допыт у Следчы камітэт 7 красавіка.
Раней ператрусы праходзілі ў прадстаўнікоў іншых праваабарончых арганізацый: Праваабарончай асветніцкай установы “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”, а таксама Праваабарончага цэнтра “Вясна”. За ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці пад вартай знаходзяцца праваабаронцы Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца, Алег Граблеўскі, праваабаронца Сяргей Драздоўскі змешчаны пад хатні арышт.
Законная праваабарончая дзейнасць усё часцей становіцца падставай для ціску і пераследу, а таксама для ўзбуджэння крымінальных спраў у дачыненні да калег, якія абараняюць правы чалавека.
Пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў Заяве беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, у Сумеснай заяве беларускіх праваабарончых арганізацый, а таксама ў Заяве ў сувязі з беспрэцэдэнтнай атакай на беларускіх праваабаронцаў, заяўляем аб маштабным ціску за прафесійную дзейнасць у сферы абароны правоў чалавека.
Дадзеныя дзеянні груба парушаюць міжнародныя стандарты, якія тычацца абароны праваабаронцаў, у прыватнасці, палажэнні Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыі аб праве і абавязкі асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Дэкларацыя аб праваабаронцах), кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне праваабаронцаў, кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб’яднанняў.
Так, у адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праваабаронцах (Артыкул 1), «кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях».
У той жа час дзяржава павінна прымаць усе неабходныя меры ў мэтах забеспячэння абароны, з дапамогай кампетэнтных органаў, любога чалавека, які выступае індывідуальна і сумесна з іншымі, ад любога гвалту, пагрозаў, помсты, нэгатыўнай дыскрымінацыі дэ-факта або дэ-юрэ, ціску або любога іншага адвольнага дзеяння ў сувязі з законным ажыцьцяўленьнем яго ці яе правоў, згаданых у Дэкларацыі аб праваабаронцах.
Такім чынам, пераслед, аказанне ціску за законную праваабарончую дзейнасць, арганізацыю асветніцкіх мерапрыемстваў, аказанне бязвыплатнай прававой дапамогі грамадзянам з’яўляецца абсалютна недапушчальным і непрымальным.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі, патрабуем ад дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Таццяны Гацуры-Яворскай, актывістак Наталлі Трэніной і Юліі Сяменчанка.
- Неадкладнага спынення пераследу і ціску, уключаючы крымінальныя справы, супраць праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці ў сувязі з іх законнай дзейнасцю, у тым ліку па правядзенні асветніцкіх мерапрыемстваў, аказанні прававой, дабрачыннай і іншай дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека.
Неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій. - Забеспячэння гарантый неўмяшання ў законную праваабарончую дзейнасць, спынення кампаніі дыскрэдытацыі праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці.
Мы, як і раней, заклікаем міжнародныя арганізацыі да выказвання публічнай пазіцыі і сваёй ацэнкі ў дачыненні да пераследу беларускіх праваабаронцаў і праваабарончых арганізацый.
Мы таксама заклікаем міжнародную супольнасць задзейнічаць усе даступныя міжнародныя механізмы для спынення рэпрэсій у Беларусі.
Мы заклікаем міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і беларускае грамадзянская супольнасць да актыўных салідарных дзеянняў у абарону пераследаваных беларускіх праваабаронцаў.
Арганізацыі грамадзянскай супольнасці:
Human Constanta
Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend)
Праваабарончы цэнтр ” Вясна”
Беларускі ПЭН-цэнтр
“Ініцыятыва FORB”
Беларускі дакументацыйны цэнтр
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”