Затрыманні, прысуды, пераслед, забароны
Алеся Пушкіна, мастака, 31 сакавіка затрымалі і абвінавачваюць па Артыкуле 130 ч.3 КК РБ – распальванне нацыянальнай, расавай ды іншай варажнечы групай асобаў. Яму пагражае пазбаўленне волі ад 5 да 12 гадоў.
Міколу Дзядка змясцілі ў карцар: 27 сакавіка на прагулцы нехта крыкнуў «Жыве Беларусь!», Мікола падтрымаў і за гэта атрымаў 9 сутак карцэра. Таксама на Міколу завялі новыя крымінальныя справы, цяпер яго вінавацяць па трох артыкулах: арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі пры дапамозе сеткі Інтэрнэт), ч. 1 арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса.
Вользе Завадзкай і Юліі Бадак прызначанае пакаранне ў выглядзе трох гадоў “хатняй хіміі”, Андрэю Коласу суддзя прызначыла тры гады “хіміі” – за вывешанае ў Брэсце пудзіла, якое было падобнае да Лукашэнкі.
Вікторыі Міронцавай прысудзілі 2,5 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, а ейнай сястры Настассі – 2 гады. Дзяўчат вінавацілі ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» і «гвалце або пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС» 10 жніўня 2020 году. Вікторыю Міронцаву таксама абвіначвалі ў «супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак».
26-гадовая Вікторыя з адукацыі – мастачка-настаўніца, яе 24-гадовая сястра Настасся – студэнтка шостага курсу Акадэміі мастацтваў.
Кніга “Беларуская нацыянальная ідэя” рэдактара Еuroradio Змітра Лукашука і філосафа Максіма Гарунова прызнаная экстрэмісцкай. За яе захоўванне і распаўсюд цяпер могуць аштрафаваць.
Ягора Старавойтава судзілі 1 красавіка за «захоўванне» кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя». Справу даслалі на дапрацоўку.
Газета «Новы час» – адзіная ў краіне штотыднёвая незалежная беларускамоўная газета – атрымала папярэджанні ад Мінінфарма за чатыры артыкулы. «Новы Час» надае шмат увагі культуры і мастацтву і выдае штомесячны дадатак «Літаратурная Беларусь». Да таго ж газета з’яўляецца важнай крыніцай інфармацыі для зняволеных (паступае па падпісцы).
Гурту “Крама” адмовілі ў правядзенні канцэрта ў Мінску. Гастрольныя пасведчанні не атрымліваюць усе, хто выступаў на дваровых імпрэзах. Таксама песні легендарнага гурта перасталі круціць на беларускім радыё.
Арт-прастору “Месца”, дзе адбывалася выстава “Машына дыхае, а я не”, прысвечаная медыкам, 2 красавіка зачынілі па рашэнні МНС. 5 красавіка арганізатарак выставы і актывістак Грамадскага аб’яднання “Звяно” Наталлю Трэніну, Таццяну Гацуру-Яворскую і Юлію Семчанка затрымалі пасля вобшукаў у іх кватэрах, яны знаходзяцца на Акрэсціна.
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 2 красавіка ў першым чытанні прыняла законапраект “Аб змене законаў па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму”.
Сімволіка
Ужо, на жаль, традыцыйна: 15 сутак за бчб налепку на машыне, штраф 290 рублёў за шторы і стужачкі, павязаныя на галінку дрэва, штраф 1740 рублёў за дзве палоскі сайдынгу маці траіх дзяцей, штраф 1740 рублёў за герб “Пагоня” на балконе.
Творчы супраціў
31 сакавіка і 1 красавіка адбылася прэм’ера спектакля «Застацца нельга з’ехаць» незалежнай тэатральнай кампаніі HomoCosmos. У ім граюць акцёры, што ўвосень супольна сышлі з Новага драматычнага тэатра, а ставіць яго вядомы беларускі драматург і рэжысёр Дзмітрый Багаслаўскі.
Кароткаметражная анімацыя «Магутны Божа» беларускай аніматаркі Юліі Рудзіцкай трапіла ў конкурс Annecy Festival 2021, які штогод ладзіцца ў Францыі ў пачатку лета.
Сучасны Мастацкі Тэатр, ва ўмовах забароны жывых паказаў, 1 красавіка паказаў анлайн-спектакль “Гэтадемакрэйшен”.
Гурт Nizkiz выпусціў новую песню, якая добра адпавядае настрою ў Беларусі пачатку вясны 2021.
3 красавіка, працяг серыі LIVE канцэртаў Артысты Перамогі: Аляксандр Памідораў, “Красавіцкія тэзісы”.
Магілёўскія журналісты прайшліся па пазнавальных месцах горада і зрабілі атмасферныя фотаздымкі з важнымі пасланнямі.
“Словы мацней”: Зарына Шаўко, музыка і вакалістка гурта сярэднявечнай беларускай музыкі «Літы Талер», затрыманая 22 лютага ў Мінску і асуджаная на 15 сутак адміністратыўнага арышту, чытае верш аднаго з наймаладзейшых паэтаў-ахвяраў сталінскага тэрору Юлія Таўбіна, расстралянага ў 1937.
Новыя малюнкі, якія адлюстроўваюць нашу рэальнасць:
karikatu.rama “С каждой пачки -диктатору в заначку…”;
Ліля Квацабая “Котики-беларусы”;
Вольга Якубоўская “Экскурсия Свободы”
Галасы асобаў
Віталь Алексяёнак, дырыжор мюнхенскага аркестру, на замову буйнога нямецкага выдавецтва напісаў кнігу «Белыя дні Менску» пра мірны беларускі пратэст, удзельнікам якога быў у жніўні і верасні:
“Спадзяюся, што найперш яна будзе цікавая нямецкаму чытачу, нямецкамоўнаму чытачу, які не ведае і не разумее наш кантэкст, які пра Беларусь даведаўся толькі ў жніўні і ведае павярхоўна толькі тое, што адбыўся гвалт і нейкія праблемы з выбарамі. У кнізе я шмат апісаў таго, што нам і так зразумела, – пра прэзідэнцкую кампанію, пра тое, што адбывалася ў пандэмію, пра вельмі бачную мяжу паміж беларускім грамадствам і рэжымам, якія ўсё больш ідуць рознымі шляхамі”.
Валерыя Баравец, журналістка, пра карціну “Ева” Хаіма Суціна і тое, як арыштаваная карціна стала сімвалам пратэсту:
“Ева оказалась не из робких. Обиды не забыла, вторую щечку подставить не поспешила. Месть получилась изящной. Она просто была хорошей подругой, и когда ее забрали, мы – заметили и вышли на ее место. И на место каждой арестованной Евы становились две новые”.
Ігар Банцар распавядае пра свой стан пасля арышту і галадавання:
“Ментальна я ў добрым стане, бо быў падрыхтаваны ў першую чаргу ідэалагічна. Я маю на ўвазе ўсю гэтую сітуацыю – і сам арышт, і тое, што адбываецца ў краіне ў палітычным плане. Але датычна фізічных, фізіялагічным момантаў, тут ёсць пытанні. І з крывёй, напрыканцы тыдня буду здаваць наступны тэст на кроў. Ёсць пытанні з унутранымі органамі”.
Сям’я Доўнар, заснавальнікі брэнда Honar, пра тое, як гэта – быць беларускамоўнай сям’ёй у Беларусі.
“У нас за беларускасць трэба змагацца. Хочаш у школу з роднай мовай – ездзі ў дальнюю гімназію, у садок – шукай таксама. З аднаго боку цяжка, бо хочацца, бывае, паспаць болей, але калі ёсць мэта, то робіш усё магчымае”.
Аляксей Бацюкоў, звольнены дырэктар музея Магілёва, пра тое, чаму ён выходзіў на пратэсты ў 2020 годзе.
“Я выходзіў, таму што гэта, па-першае, мая грамадзянская пазіцыя. І па-другое, я спецыяліст – на той момант гісторык, – таму я павінен бачыць, што адбываецца, сваімі вачыма. Я магу прачытаць у розных крыніцах, што недзе выйшлі людзі. А хто гэтыя людзі? Як гісторык я магу зафіксаваць падзеі, знаходзячыся непасрэдна на месцы падзей, размаўляючы з людзьмі”.
Беларускія фатографы і фатографкі ў матэр’яле Медузы распавядаюць, як яны асэнсоўваюць новую рэальнасць і што здымаюць, калі фота журналістыка стала вельмі небяспечнай.
Міжнародная салідарнасць
Вялікі мурал, асновай якога стаў малюнак беларускі Анны Радзько, з’явіўся ва Уроцлаве і быў ініцыяваны Еўрапарлмантам.
У галерэі Newman’s Fine Art у Сан-Францыска днямі адкрылася выстава Face It, прымеркаваная да беларускага Дня волi.
Італьянскі графік Джанлука Канстанціні выказаў салідарнасць са зняволенымі Кацярынай Андрэевай, Дар’яй Чульцовай і Ігарам Лосікам.
Вулічная выстава фатаграфіі пра беларускія пратэсты ў Грайфсвальдзе, Германія.
Спампаваць pdf-версію 26-га выпуску маніторынга культурнага супраціву