• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Няхай жыве магутны, смелы наш беларускі вольны дух!” Выпуск 23 – навіны беларускага культурнага супраціву

“Няхай жыве магутны, смелы наш беларускі вольны дух!” Выпуск 23 – навіны беларускага культурнага супраціву

Апошняе абнаўленне: 16 сакавіка 2021
“Няхай жыве магутны, смелы наш беларускі вольны дух!” Выпуск 23 – навіны беларускага культурнага супраціву
"Малаток правасуддзя. Удасканаленая версія", ілюстрацыя Ліліі Квацабая
Ёсць вершы, якія не губляюць актуальнасці, навіны, якія разбіваюць сэрца, і разуменне таго, што мы мусім рухацца наперад, каб вершы пра нашую барацьбу за волю засталіся ў мінулым, а нашыя сэрцы маглі напаўняцца радасцю.

Затрыманні, прысуды, пераслед

Максім Знак

Максім Знак, адвакат, паэт і музыка, сябра штаба Віктара Бабарыкі, палітзняволены, затрыманы 9 верасня, застаецца за кратамі да 9 траўня. Яго абвінавачваюць па Арт. 361 ч. 3 Крымінальнага Кодэкса РБ (заклік да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі), Арт 357 ч. 1 (змова з мэтай захопу ўлады) і Арт. 361 ч. 1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраванне ім).

Сяргею Ціханоўскаму прад’явілі канчатковае абвінавачванне па чатырох артыкулах:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК);
  • ч. 1 арт.342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Санкцыя найбольш цяжкага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 15 гадоў.

Ганна Панішава

10 сакавіка Пракуратура Брэста ўзбудзіла крымінальную справу па факце гераізацыі ваенных злачынцаў. Ганна Панішава, дырэктарка “Польскай школы”, была затрыманая 12 сакавіка, калі вярнулася ў Беларусь з рабочага візіту ў Польшчу.
→ 28 лютага 2021 года польскі консул у Берасці Ежы Цімафеюк узяў удзел у імпрэзе, прысвечанай Дню «выклятых жаўнераў». Удзелам у гэтай імпрэзе Ежы Цімафеюк нібыта парушыў Венскую канвенцыю пра консульскія зносіны.
 
У сувязі з гэтым 9 сакавіка часовага паверанага ў справах Польшчы Марціна Вайцяхоўскага  выклікалі ў МЗС Беларусі.
→ 
У адказ Польшча 10 сакавіка абвясціла дыпламата з Амбасады Беларусі ў Варшаве персонай нон грата.
 
11 сакавіка МЗС Беларусі паведаміў Вайцяхоўскаму аб немэтазгоднасці прысутнасці на тэрыторыі краіны яшчэ двух польскіх дыпламатаў – кіраўніка і консула Генеральнага консульства Польшчы ў Гродна.
 
12 сакавіка МЗС Польшчы паведаміла пра высылку двух беларускіх консулаў – з Варшавы і Беластоку. 

Анастасія Перавошчыкава, якая знаходзіцца ў зняволенні з канца студзеня 2021 (яе судзілі 7 разоў запар, кожны раз на 15 сутак – разам гэта 105 сутак), прызнаная палітзняволенай. 

Ігар Банцар, фота svaboda.org

Ігар Банцар, музыка, актывіст трымае “сухую” галадоўку з 3 сакавіка. 12 сакавіка адбылося чарговае паседжанне па яго справе, ён прасіў у судзе змяніць яму меру стрымання і выпусціць з-пад варты, аднак суддзя не задаволіў ягонага хадайніцтва. Наступнае паседжанне па яго справе прызначылі на 18 сакавіка, патэнцыйна 16-ы дзень галадоўкі.

Ігар Лосік

Ігар Лосік, журналіст, блогер, палітзняволены, абвясціў аб пачатку “сухой” галадоўкі 11 сакавіка. 

Наталля Хершэ, мастачка, палітзняволеная, якая галадала з 22 лютага, 12 сакавіка спыніла галадоўку.

Лізавета Ганчарова

Лізавета Ганчарова, мастачка, затрыманая 13 сакавіка разам з татам. 

14 сакавіка на святкаванні Масленіцы ў Мінску былі затрыманыя некалькі чалавек. 

У Брэсце 15 сакавіка яшчэ дзесяць чалавек асудзілі па “справе карагодаў”. Ім прызначылі пакаранне ад 1,5 года хатняй хіміі да 1 года і 8 месяцаў калоніі. Журналістаў не пусцілі на абвяшчэнне прысуду.


Ціск, звальненні, забароны

Выстава «Танцтэатр у тэатры»

Аляксандра Памідорава, музыку, шоўмэна і радыёвядоўцу, 10 сакавіка выклікалі па тэлефоне на допыт у Дэпартамент фінансавых раследаванняў. Ён запатрабаваў, каб даслалі позву.

Выставу «Танцтэатр у тэатры» балетмайстаркі Гродзенскага драмтэатра Вікторыі Бальцар, якая ўдзельнічала ў праектах, што ладзяцца на адзінай незалежнай культурніцкай пляцоўцы Гродна “Цэнтр гарадскога жыцця”, забаранілі праводзіць у памяшканні тэатра. Таксама з Вікторыяй не працягваюць кантракт.


Сімволіка

Фота mff.by

Барацьба сістэмы з усім, што звязана з бел-чырвона-белымі колерамі, набывае ўсё болей абсурдныя формы. Суды не спыняюць працу нават на выходных: у нядзелю 7 сакавіка Аляксандра Даніліна, якога затрымалі ў ноч з 6 на 7 студзеня, калі ён вешаў стужачкі ў Бараўлянах, суд пакараў 15 суткамі адміністратыўнага арышту. У нядзелю закрытыя судовыя паседжанні прайшлі мінімум у трох судах, на суткі адправілі як мінімум чатырох чалавек.

Павел Севярынец папрасіў мітрапаліта Веніяміна заступіцца за бел-чырвона-белы сцяг.


Творчы супраціў

Вольны хор выканаў гімн “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, адзін з сімвалаў БНР, які сёння набыў новую актуальнасць.  

«Словы мацней»: музыка і фронтмэн гурта Gods Tower Лэслі Найф  чытае верш Вацлава Ластоўскага  «Чала я не хiлiў прад сiлай».

LIVE Маргарыты Ляўчук і Андрэя Павука ў рамках фестывалю Артысты Перамогі прайшоў 13 сакавіка ў падтрымку беларускіх творцаў, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Маргарыта Ляўчук стала яскравым сімвалам пратэсту-2020. З-за сваёй актыўнай пазіцыі вымушана была пакінуць Беларусь. Андрэй Павук – грамадскі актывіст, неаднаразова з надуманых падставаў прыцягваўся ўладамі да адміністрацыйнай адказнасці. Восенню 2020 ён разам з сям’ёй не змог вярнуцца ў Беларусь праз пераслед.

Вакалістка гурта Shuma Руся, якая ў мэтах бяспекі з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе, выпусціла кліп не песню Dreva – старажытную беларускую малітву. Ролік быў створаны ўкраінскімі калегамі на знак салідарнасці з Беларуссю.  

Неабыякавыя гарадзенцы выпусцілі серыю паштовак з выявамі палітвязняў, што ўтрымліваюцца ў турме №1 Гародні. 

Ілюстрацыі Лізаветы Ганчаровай:


Галасы асобаў

Генадзь Гаранскі, акцёр мінскага Тэатра юнага гледача, пра тое, як выжываюць акцёры тэатра і што змянілася ў тэатры за апошні час:

Генадзь Гаранскі, фота tut.by

“ТЮГ цяпер выйшаў на новы ўзровень у плане працы. Уладзімір Савіцкі падтрымлівае ініцыятыву рэжысёраў, пагаджаецца на эксперыменты з матэрыялам. Светлавікі падыходзяць да акцёраў удакладніць кропкі іх выхадаў, каб больш дакладна ўстанавіць святло. Гукавікі перапытваюць у рэжысёра, адкуль лепш музыку пусціць: з парталаў, на сцэне, з сураундаў. А манціроўшчыкі гатовыя не толькі дэкарацыі ўсталяваць, але забрацца на каласнікі, каб дапамагчы выканаць неабходны для мізансцэны трук. Адчуўшы, як цяперашнім гледачам неабходны тэатр, мы і напраўду сталі адзінай камандай”.

Дуэт VAL, Courtesy photo

Музыкі дуэту VAL Лера Грыбусава і Улад Фрайман, якія меліся прадстаўляць Беларусь на «Эўрабачанні», але былі выключаныя з удзелу за палітычную пазіцыю:

“Мы хацелі б прадстаўляць свабодную краіну і праспяваць песню пра падзеі ў Беларусі, пра тое, што нас цяпер хвалюе, што адбываецца вакол нас. Вы ж разумееце, што Белтэлерадыёкампанія ніколі б не дала нам права такім чынам сябе прадставіць”.

Ігар Банцар у лістах з няволі піша:

“Безумоўна, усе людзі розныя. Нават аднаяйцавыя блізняты адрозніваюцца між сабой. Адзінае, што ўсіх нас яднае, – факт, што ўсе мы ёсць жывымі істотамі: з пачуццямі, думкамі, марамі, памкненнямі і г.д. Прыемна ведаць, што людзей добрай волі (такіх розных) у нашай краіне дастаткова”.


Міжнародная салідарнасць

Фатографка Надзея Бужан стала фіналісткай самага прэстыжнага конкурсу прафесійнай фатаграфіі ў свеце – World Press Photo. Здымак, на якім Вольга Севярынец з кветкамі чакае мужа пад Акрэсціна, трапіў у спіс найлепшых у намінацыі spot news (гарачыя навіны). Пераможцаў конкурсу абвесцяць 15 красавіка.

Здымак Надзеі Бужан

У Варшаве прайшоў монапікет у падтрымку Ігара Банцара.


Еўрабачанне

9 сакавіка стала вядома, што Беларусь на «Еўрабачанні-2021» прадставіць баранавіцкі гурт «Галасы ЗМеста», які ў сваіх песнях кпіць з пратэстоўцаў і іх лідараў. Эксперты Eurovoix, аднаго з найбуйнейшых навінных сайтаў, якія асвятляюць конкурс Еўрабачанне, заявілі, што песня парушае правілы конкурса, таму што мае палітычныя падтэксты, і адмовіліся асвятляць удзел Беларусі ў конкурсе. Еўрапейскі вяшчальны саюз праверыў песню на адпаведнасць правілам конкурсу і паведаміў Белтэлерадыёкампаніі, што ў тым выглядзе, у якім ёсць цяпер, яна не можа прадстаўляць Беларусь на “Еўрабачанні 2021”.


Спампаваць pdf-версію 23-га выпуску маніторынга культурнага супраціву