Мэта праекту і флэшмобу – зрабіць так, каб увесь свет даведаўся пра злачынствы супраць чалавечнасці, якія здзяйсняліся ў цэнтры Еўропы ў XXI стагоддзі. На сённяшні дзень ніводнае расследаванне не распачата, больш за тое, тых, хто пацярпеў больш за ўсіх, пераследуюць і сёння. Аўтары спадзяюцца, што ў новай Беларусі матэрыялы праекта паспрыяюць і будуць карыснымі ў расследаванні злачынстваў.
Першай удзельніцай флэшмобу стала баскетбалістка Алена Леўчанка, яна чытае гісторыю актывісткі Вольгі Паўлавай. Відэаролікі таксама ўжо даслалі Анатоль Белы, Аляксей Кортнеў, Юлія Шаўчук, Аляксандр Ждановіч, Уладзімір Катляроў, Міхаіл Шац, Пётр Наліч, Аляксей Палуян, Кацярына Сныціна. Акрамя таго свой удзел пацвердзілі Міхаіл Зыгар, Яна Вагнер, Іван Вырыпаеў, Кацярына Шульман, Віктар Шандаровіч, Арцемій Троіцкі, Саша Філіпенка, Павел Аракелян. Плануецца, што выйдзе каля 60 ролікаў.
Запрашаем далучыцца да флэшмобу! Каб узяць удзел трэба выбраць адну з 200 гісторый на сайце праекта Август2020 і запісаць відэа з чытаннем фрагмента з гісторыі. Апублікаваць ролік можна ў любой са сваіх сацсетак, дадаўшы хэштэг #august2020voices.