16 лютага паліцыя па ахове грамадскага парадку ўвайшла ва ўніверсітэт Лерыды, недалёка ад Барселоны, і арыштавала Пабла Хаселя, які забарыкадаваўся ўнутры будынка пасля таго, як адмовіўся здацца паліцыі для адбыцця турэмнага зняволення за «ўслаўленне тэрарызму» ў сваіх песнях і ў сеціве Twitter. Яго арышт выклікаў пратэсты і сутыкненні ў некалькіх гарадах краіны.
“Зняволенне Пабла Хаселя за яго песні і твіты – яшчэ адзін прыклад таго, як гішпанскія ўлады спрабуюць заглушыць галасы артыстаў. У краіне, дзе пануе дэмакратыя, не саджаюць паэтаў у турму, нават калі іх словы выклікаюць неспакой або дыскамфорт. Дзіўна, але Гішпанія толькі што паступіла менавіта такім чынам. Мірнае выказванне меркавання, нават калі яно здаецца абразлівым або непаважлівым, ніколі не павінна крыміналізавацца. Гішпанскія ўлады павінны неадкладна вызваліць Пабла Хаселя”,
– заявіў Саліл Трыпаці, старшыня камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні» Міжнароднага ПЭН-клуба.
Хасель быў асуджаны па артыкуле 578 Крымінальнага кодэкса Гішпаніі, якая забараняе «прапаганду тэрарызму». Ён таксама быў прызнаны вінаватым у абразе кароны і дзяржаўных устаноў. Крымінальны кодэкс Гішпаніі неабгрунтавана абмяжоўвае свабоду выказвання меркаванняў у імя нацыянальнай бяспекі. У апошнія гады вялікая колькасць музыкаў сутныкнулася з несправядлівым пераследам за «прапаганду тэрарызму» і/або абразу Кароны, што прывяло да ўзмацнення самацэнзуры і абмежавання свабоды выказвання меркаванняў у краіне. Міністэрства юстыцыі нядаўна абвясціла аб сваім намеры ўнесці папраўкі ў Крымінальны кодэкс, каб паменшыць тэрміны пакаранняў ў справах, звязаных з творчай, культурнай і інтэлектуальнай дзейнасцю.
“Мы вітаем заяўлены намер гішпаніскіх уладаў падтрымліваць свабоду творчасці, мы настойліва заклікаем іх неадкладна адмяніць артыкул 578 Крымінальнага кодэкса і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і законамі ў галіне правоў чалавека. Усе законы аб крымінальным паклёпе павінны быць зменены, а пытанні рэпутацыі павінны разглядацца як пытанні грамадзянскага права, у якіх дзяржава не гуляе ніякай ролі”,
– сказала Ангелс Грэгары, прэзідэнтка PEN Català.
Беларускі ПЭН-цэнтр падтрымлівае народ Гішпаніі ў яго імнкненні да дэмакратыі і падтрабуе неадкладнага вызвалення Пабла Хаселя.
Даведацца больш можна на сайце PEN International па спасылцы.