У сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”) Арсенію Сіняку, Раману Яхіну, Данілу Чамаданаву, і па ч.2 арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) Аляксандру Целешману, Мікіту Літвіненку, Яўгену Пекачу, Вячаславу Касцючыку, Сяргею Моўшуку, Дзмітрыю Туру, а таксама аб вынясенні судом Ленінскага р-на г. Мінска прысуда аб пазбаўленні волі на чатыры гады па ч.2 арт. 293 і па ч.1 арт. 342 КК у дачыненні да Аляксандра Нурдзінава і яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Таксама лічым неабходным адзначыць, што дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам.
Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў ужывання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад заведама непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Мы ацэньваем пераслед Арсенія Сіняка, Рамана Яхіна, Данілы Чамаданава, Аляксандра Целешмана, Мікіты Літвіненкі, Яўгена Пекача, Вячаслава Касцючыка, Сяргея Моўшука, Дзмітрыя Тура, Аляксандра Нурдзінава, якія былі абвінавачаныя па ч. 2 арт. 293 КК (“Масавыя беспарадкі”) і па ч. 1 арт. 342 КК (“Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак”), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязняў Арсенія Сіняка, Рамана Яхіна, Данілу Чамаданава, Аляксандра Целешмана, Мікіту Літвіненку, Яўгена Пекача, Вячаслава Касцючыка, Сяргея Моўшука, Дзмітрыя Тура, Аляксандра Нурдзінаваі спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзянаў, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.