3 лютага стала вядома пра затрыманне прадстаўнікоў асветніцкай праваабарончай установы “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”, дырэктара Сяргея Драздоўскага і юрыста Алега Граблеўскага.
“Офіс па правах людзей з інваліднасцю” на працягу 10 гадоў аказвае бязвыплатную прававую дапамогу, адвакатуе змены заканадаўства, праводзіць асветніцкія мерапрыемствы па змене стаўлення да людзей з інваліднасцю. Беларусь далучылася да Канвенцыі па правах інвалідаў, у тым ліку, дзякуючы велізарнай працы “Офіса па правах людзей з інваліднасцю”.
У цяперашні час Алег Граблеўскі з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе і змешчаны ў ІЧУ на 72 гадзіны. Сяргей Драздоўскі, які таксама знаходзіцца ў статусе падазраванага, змешчаны пад хатні арышт з забаронай на выкарыстанне сродкаў камунікацыі. Адвакатамі Алега і Сяргея дадзены падпіскі аб неразгалошанні. Адпаведна, адсутнічае інфармацыя аб абставінах справы, іх затрымання і ўтрымання пад вартай. Таксама магчыма адсутнасць доступу да інфармацыі аб выстаўленні ім абвінавачвання альбо змене меры стрымання.
2 лютага прадстаўнікі “Офіса па правах людзей з інваліднасцю” былі паўторна пасля допыту 21 студзеня выкліканыя ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (ДФР КДК), дзе па іх заяве, на працягу 7 гадзін падвяргаліся жорсткаму і зневажальнаму годнасць абыходжанню. Абставіны такога абыходжання былі апублічаныя прадстаўнікамі офіса ў сродках масавай інфармацыі пасля знаходжання ў ДФР КДК, пасля чаго на наступны дзень яны былі затрыманыя.
Праверка службовых асоб арганізацыі была звязаная, паводле інфармацыі ДФР КДК, з магчымым неправамерным завалоданнем грашовымі сродкамі, атрыманымі ёю ў выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання прававой дапамогі грамадзянам Рэспублікі Беларусь з інваліднасцю.
Нагадаем, што гэта не першы выпадак пераследу беларускіх праваабаронцаў. Пачынаючы са жніўня 2020 года, за іх законную праваабарончую дзейнасць у месцах пазбаўлення волі знаходзяцца каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова, валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк, прадстаўнікі Гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца. Многія праваабаронцы падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу.
Пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў Заяве беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, адзначаем наступнае: на арганізацыі грамадзянскай супольнасці працягваецца беспрэцэдэнтны ціск за прафесійную дзейнасць у сферы абароны правоў чалавека.
Дадзеныя дзеянні груба парушаюць шэраг міжнародных пагадненняў, удзельнікам якіх з’яўляецца і Рэспубліка Беларусь, у прыватнасці, Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыі аб праве і абавязкі асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне праваабаронцаў, кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб’яднанняў.
У адпаведнасці з Дэкларацыяй аб праваабаронцах (Артыкул 1) «кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях».
Для мэтаў заахвочвання і абароны правоў чалавека і асноўных свабод мірнымі сродкамі кожны мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, запытваць, атрымліваць і выкарыстоўваць адпаведныя рэсурсы.
У той жа час Дэкларацыя аб праваабаронцах прадугледжвае, што дзяржава павінна прымаць усе неабходныя меры ў мэтах забеспячэння абароны, з дапамогай кампетэнтных органаў, любога чалавека, які выступае індывідуальна і сумесна з іншымі, ад любога гвалту, пагрозаў, помсты, нэгатыўнай дыскрымінацыі дэ-факта або дэ-юрэ, ціску або любога іншага адвольнага дзеяння ў сувязі з законным ажыцьцяўленьнем яго ці яе правоў, згаданых у Дэкларацыі аб праваабаронцах.
Такім чынам, пераслед, аказанне ціску за законную праваабарончую дзейнасць, аказанне бязвыплатнай прававой дапамогі грамадзянам, доступ арганізацый грамадзянскай супольнасці да рэсурсаў з’яўляецца абсалютна недапушчальным і непрымальным.
Зыходзячы з гэтага, мы лічым пераслед А. Граблеўскага і С. Драздоўскага з боку ўладаў палітычна матываваным, накіраваным на спыненне іх публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх палітычнымі зняволенымі, згодна з п.3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты праваабаронцаў “Офіса па правах людзей з інваліднасцю” С. Драздоўскага і А. Граблеўскага, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
- Спынення пераследу і ціску ў дачыненні да ўсіх праваабаронцаў краіны, а таксама прыцягнення да крымінальнай адказнасці беларускіх праваабаронцаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці ў сувязі з іх законнай дзейнасцю, у тым ліку па аказанні прававой, дабрачыннай і іншай дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека, неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій.
- Спынення ўмяшання, неабгрунтаванага і празмернага выкарыстання праверак і іншых сродкаў кантролю за дзейнасцю арганізацый грамадзянскай супольнасці, выкарыстання сілавых метадаў пры правядзенні праверак, у тым ліку праваабарончых арганізацый, перашкоды рэалізацыі права на доступ да фінансавання.
- Выканання ўзятых на сябе абавязацельстваў у дачыненні да забеспячэння гарантый ажыццяўлення праваабарончай дзейнасці і прыняцця для гэтага ўсіх неабходных мер.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі;
Ініцыятыўнай група “ідэнтычнасць і права”.