• Заявы
  • Патрабуем неадкладнага вызвалення праваабаронцы ПЦ «Вясна» Таццяны Ласіцы

Патрабуем неадкладнага вызвалення праваабаронцы ПЦ «Вясна» Таццяны Ласіцы

Апошняе абнаўленне: 1 лютага 2021
Патрабуем неадкладнага вызвалення праваабаронцы ПЦ «Вясна» Таццяны Ласіцы
Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

21 студзеня 2021 г. супрацоўнікамі МУС у аэрапорце г. Мінска была затрыманая праваабаронца, валанцёрка ПЦ «Вясна» Таццяна Ласіца.

На дадзены момант яна з’яўляецца падазраванай па ўзбуджанай крымінальнай справе па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК (Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У дачыненні да яе абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да прад’яўлення абвінавачвання і яна накіраваная ў СІЗА г. Гомеля.

Гэта не першы выпадак затрымання праваабаронцаў Гомельскага абласнога аддзялення ПЦ «Вясна» («Гомельскай Вясны»).

Так, 5 студзеня 2021 г. ў Грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палесскай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс «Гомельскай вясны», прайшоў ператрус, які цягнуўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля вобшуку яго даставілі ва УБАЗ. Таксама вобшук правялі ў яго доме. 18 студзеня Л. Судаленка быў зытрыманы і змешчаны пад варту, а 28 студзеня яму было прад’яўленае афіцыйнае абвінавачванне па ч.1 ч. 2 арт. 342 КК.

Таксама позна ўвечары 18 студзеня была затрыманая і змешчаная ў ІЧУ валанцёрка Гомельскага аддзялення ПЦ «Вясна» Марыя Тарасенка, у яе доме таксама быў праведзены ператрус. Яна была затрыманая ў якасці падазрванай па ч.1 арт. 342 КК на трое сутак і пазней вызваленая.

Дагэтуль у СІЗА знаходзіцца каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ «Вясна» Марфа Рабкова, валанцёр ПЦ «Вясна» Андрэй Чапюк, а іншыя праваабаронцы падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу.

Цяперашні крымінальны пераслед правабаронцаў адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не сталі выключэннем і прадстаўнікі праваабрончай супольнасці краіны, якія таксама падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску ў сувязі з ажыццяўленнем імі дзейнасці па абароне правоў чалавека.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, у чарговы раз адзначаем наступнае:

Згодна з арт. 1 Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Прынятая Рэзалюцыяй 53/144 Генасамблі ААН ад 09.12.1998), кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Праваабарончая дзейасць з’яўляецца легітымнай грамадскай дзейнасцю і пераслед за ажыццяўленне такой дзейнасці з’яўляецца абсалютна непрымальным, грубым парушэннем правоў чалавека з боку прадстаўнікоў афіцыйных уладаў.

Зыходзячы з гэтага, мы лічым пераслед Таццяны Ласіцы з боку ўладаў палітычна матываваным, скіраваным на спыненне яе публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а яе саму палітычнай зняволенай, згодна з п. 3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты праваабаронцы ПЦ «Вясна» Таццяны Ласіцы і спынення  крымінальнага пераследу ў дачыненні да яе.
  2. Спынення пераследу і ціску ў дачыненні да ўсіх праваабаронцаў краіны, неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках
і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”.