• Заявы
  • Патрабуем неадкладнага вызвалення праваабаронцаў ПЦ “Вясна” Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка

Патрабуем неадкладнага вызвалення праваабаронцаў ПЦ “Вясна” Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка

Апошняе абнаўленне: 20 студзеня 2021
Патрабуем неадкладнага вызвалення праваабаронцаў ПЦ “Вясна” Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенка
Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый  

Як нам стала вядома, 18 студзеня 2021 г. супрацоўнікамі МУС у г. Гомеле быў затрыманы праваабаронца, старшыня Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтру “Вясна” Леанід Судаленка.

На дадзены момант ён з’яўляецца падазраваным па ўзбуджанай крымінальнай справе па арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і змешчаны ў ІЧУ.  

Нагадаем, 5 студзеня ў Грамадска-палітычным цэнтры на вул. Палескай, 52, дзе знаходзіцца ў тым ліку і офіс “Гомельскай Вясны”, прайшоў ператрус, які цягнуўся больш за 9,5 гадзін. Увесь гэты час у офісе знаходзіўся Леанід Судаленка. Пасля вобшуку яго даставілі ва УБАЗ, затым адпусцілі. Таксама вобшук правялі ў яго доме.

Таксама позна ўвечары 18 студзеня была затрыманая і змешчаная ў ІЧУ валанцёрка Гомельскага аддзялення ПЦ “Вясна” Марыя Тарасенка, у яе доме таксама быў праведзены ператрус. У чым яна падазраецца і ў якім працэсуальным статусе яна знаходзіцца, на дадзены момант невядома.

Леанід Судаленка, вядомы ў Беларусі і за яе межамі праваабаронца, які на працягу 20-ці гадоў займаецца абаронай правоў чалавека, аказваў бясплатную юрыдычную дапамогу, у тым ліку па падрыхтоўцы індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН па фактах парушэння правоў грамадзян з боку беларускіх уладаў. За сваю праваабарончую дзейнасць у 2018 г. быў узнагароджаны прэстыжнай прэміяй Французскай Рэспублікі “Свабода-роўнасць-братэрства”, у 2019 годзе ён стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў намінацыі “Праваабаронца года” за дасягненні ў галіне правоў чалавека. 

Беларускія ўлады рэгулярна пераследвалі Леаніда Судаленку за ягоную актыўную праваабарончую дзейнасць: ладзілі няўдалыя правакацыі з мэтай прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці, уносілі ў спісы для кантролю пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы, намагаліся дыскрэдытаваць яго праз публікацыі на старонках падкантрольных спецслужбам адмысловых інтэрнэт-выданняў і дзяржаўных СМІ.

Цяперашні крымінальны пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенка адбываецца на фоне беспрэцэдэнтна масавых палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога ўжо сталі тысячы беларускіх грамадзян. Не сталі выключэннем і прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны, якія таксама падвяргаюцца рэпрэсіям і ціску ў сувязі з ажыццяўленнем імі дзейнасці па абароне правоў чалавека. 

Так, дагэтуль у СІЗА знаходзіцца каардынатарка валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова, валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк, а іншыя праваабаронцы падвяргаліся адміністратыўнаму пераследу.

У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый у чарговы раз адзначаем наступнае:

Згодна з арт. 1 Дэкларацыі аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Прынятая Рэзалюцыяй 53/144 Генасамблі ААН ад 09.12.1998), кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Праваабарончая дзейнасць з’яўляецца легітымнай грамадскай дзейнасцю і пераслед за ажыццяўленне такой дзейнасці з’яўляецца абсалютна непрымальным, грубым парушэннем правоў чалавека з боку прадстаўнікоў афіцыйных уладаў.

Зыходзячы з гэтага, мы лічым пераслед Л. Судаленкі і М. Тарасенка з боку ўладаў палітычна матываваным, скіраваным на спыненне іх публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод, а іх саміх –  палітычнымі зняволенымі, згодна з п. 3.1(b) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

  1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты праваабаронцаў ПЦ “Вясна”  Леаніда Судаленкі і Марыны Тарасенка, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
  2. Спынення пераследу і ціску ў дачыненні да ўсіх праваабаронцаў краіны, неадкладнага вызвалення ўсіх  палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

РГА “Прававая ініцыятыва”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Беларускі дакументацыйны цэнтр;

Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.