• Навiны
  • Прэмія за турэмную літаратуру перанесена на 2021 год

Прэмія за турэмную літаратуру перанесена на 2021 год

Апошняе абнаўленне: 10 снежня 2020
Прэмія за турэмную літаратуру  перанесена на 2021 год
Беларускі ПЭН-цэнтр і Радыё Свабода паведамілі пра змены ў прысуджэнні прэміі імя Францішка Аляхновіча за літаратурныя творы, створаныя паводле асабістага турэмнага досведу.

Паважаныя сябры,

Сёлетні год, на жаль, стварае надзвычайныя перадумовы для з’яўлення літаратуры, якая грунтуецца на асабістым аўтарскім досведзе існавання ў зняволенні. Заснавальнікі літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча, якой сёлета спаўняецца 10 год, ад пачатку спадзяваліся, што з цягам часу яна стане непатрэбнай. Але палітычныя рэпрэсіі і вязні сумлення застаюцца вызначальнай характарыстыкай Беларусі ў 2020 годзе, і турэмныя творы ў прозе і вершах працягваюць нараджацца, пісацца, з’яўляцца на свет.

Сёння мы публікуем агляд некаторых твораў, якія былі прысланыя на прэмію імя Францішка Аляхновіча. Гэта няпоўная і фрагментарная карціна, якая  адлюстроўвае незавершаны працэс, бо незавершаная палітычная сытуацыя, якая яго спараджае.

Беларускі ПЭН і Радыё Свабода пастанавілі перанесці прысуджэнне  прэміі імя Францішка Аляхновіча на наступны год, каб больш поўна выявіць здабыткі і  творчы патэнцыял аўтараў – магчымых прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

Таксама вызначана новая дата абвяшчэння ляўрэатаў – 15 лістапада, сусветны Дзень зняволенага пісьменьніка, які ад 1981 году адзначае Міжнародны ПЭН.

Такім чынам, новы творчы перыяд для прэтэндэнтаў ахоплівае час ад студзеня 2020 да кастрычніка 2021. Адпаведныя абвесткі будуць зроблены ў кастрычніку наступнага году.

Радыё Свабода,  Беларускі ПЭН-цэнтр


Агляд твораў, прысланых на прэмію імя Францішка Аляхновіча

«Мне прысьніўся Ўінстан Чэрчыль»

«Вельмі хочацца абняць цябе, Ласачка мая, — стомленую, спустошаную, трывожную. Малюся, каб Госпад цалаваў цябе ў сэрца, і веяньнем ціхага Духа ахінуў Францішка, і тваіх тату і маму. Бог не дае выпрабаваньня звыш сілаў, Міленькая мая. (…) У чацьвер выклікаў мяне незнаёмы малады сьледчы, прад’явіў пастанову, падпісаную намесьнікам генпракурора Шведам, аб працягу „тэрміну сьледзтва“ яшчэ на 2 месяцы, да 20 сьнежня. Падпісваць я ня стаў, параіў яму не ламаць сваё маладое жыцьцё ўдзелам у беззаконьні і напісаць рапарт на звальненьне; ён прамаўчаў, на тым мы і разьвіталіся. (…) А заўчора, ці паверыш, сасьніў незвычайны сон (і адкуль бы яму ўзяцца такому?). Сьню, значыць, Уінстана Чэрчыля, ды ня ў Букінгемскім палацы, а ў нашай ратушы, і вось ён прамаўляе сваю знакамітую прамову „Ніколі, ніколі, ніколі не здавайцеся!“ — і такім драўляным малаточкам, якім судзьдзі ці сьпікеры карыстаюцца, па стале гэтак гах! І вось думаю я, да чаго б мне такі дзівосны сон?»

Гэта фрагмэнты зь ліста Паўлы Севярынца да жонкі Вольгі. Спадар Павал — адзін з самых вядомых беларускіх літаратараў, «закратаваных» у 2020-м. Ён — ляўрэат прэміяў Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча, імя Францішка Аляхновіча, «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Дзьве з больш чым дзясятка ягоных кніг напісаныя ў зьняволеньні — «Лісты зь лесу» і «Беларуская глыбіня». Дый іншыя задумваліся ў турмах, якіх аўтар зьведаў ня менш, чым напісаў кніг.

Сёлета за сваю актыўную пазыцыю ў стаўленьні да прэзыдэнцкіх выбараў ён ў астрозе ўжо паўгоду, прычым больш за палову гэтага тэрміну — у карцары. Ня зломлены ніякімі катаваньнямі, піша гістарычныя эсэ, працяг раману «Беларусалім» і раман-успамін пра сямʼю, у які ўвойдуць ягоныя лісты з-за кратаў да родных.


«Хто з нас мент?»

«Хто з нас мент?» — жартоўна прымружыўшыся, аглядае балагур Лёха сваіх сукамэрнікаў. А трэба сказаць, што гэты калектыўны падсьвядомы страх наяўнасьці ў кампаніі стукача напаўняе сваім атрутным душком ці не кожную камэру «палітычных». «Саня? Не, розуму ня хопіць на такое. Макс? Малы яшчэ. Калян? Мабыць, ён, ён! Казаў жа пра сваяка ў міліцыі. Рома? Не, доўгія валасы, акуляры — ня той тыпаж». — Лёха правакуе кожнага па чарзе, расштурхоўваючы вечарова-лянівую камэру на жарты. «Лёха, дык ты ж і ёсьць мент! — вырашае падкалоць прыкаліста яго ж шпількай Рома. — Ты ж нам сам плёў нешта пра разьведку, спэцапэрацыі ў арміі».

І Рома ўзгадвае папярэднюю камэру. Як адзін з сукамэрнікаў, Васіль відавочна вылучаўся — недалёкасьцю і нешматслоўнасьцю, хранічным няўменьнем гуляць у «кантакт»… Калі перад транспартаваньнем у Жодзіна ўсіх астатніх паклікалі ў калідор з рэчамі — яго аднаго пакінулі ў камэры. І ў дворыку на перакуры адзін з нашых падляцеў да нас і сьпешна затараторыў: «Гэты Вася — падсадны, сто адсоткаў. Пакінулі аднаго, і ён нічога ўцямнага не адказвае, чаму так».

Тут я ўзгадаў, што ў мяне ў галаве таксама мільгала думка пра Васю, калі яшчэ гулялі ў гарады, — Вася ведаў толькі Магадан і Растоў з Данецкам, дый тыя называў па некалькі разоў за гульню. А потым ён стаў апавядаць нейкую лухту пра ўваход у схаваную прастору смартфона праз калькулятар — маўляў, вось так можна схаваць і тэлеграм, і ўсё астатняе. «Зусім нейкая ерась», — канчаткова насьцярожыўся я. Але ў дворыку тады я вырашыў супакоіць устрывожанага суседа: «Ды ладна, можа, проста маўклівы дзядзька, і да нас не падобны… Не пераймайся». Сам жа пашкадаваў, што шмат нагаварыў лішняга за содні, зрэшты, як і ўсе астатнія…

(…)

Вечар цягнецца далей, бяжыць нясьпешна, як таварняк на сартавальнай станцыі, мяняючы адно беспантовае месца на іншае… Будуем пляны на будучую сустрэчу сукамэрнікаў у піўным бары, дзесь бліжэй да якой-небудзь раённай пратэставай акцыі, для экстрыму. І я адчуваю, што менавіта зь Лёхам зь яго дзяржаўна-вайсковай біяграфіяй — можна напіцца бязбоязна.
… На выхадзе сябар-айцішнік апавядае мне пра новую мабільную прыладу ў выглядзе калькулятара, якая дазваляе ўваходзіць у схаваную прастору тэлефона».

Акрэсьцінска-жодзінскія нататкі — так вызначыў жанр сваёй турэмнай прозы культуроляг Раман Абрамчук. Цалкам пад назовам «Гэты Вася — падсадны, сто адсоткаў» яны надрукаваныя ў газэце «Новы час».

Спадар Абрамчук у ліку іншых аўтараў турэмнай літаратуры, даслаў свой твор у журы прэміі імя Францішка Аляхновіча.


Францішак Аляхновіч (1883–1944) — беларускі драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст і празаік. Яго аповесьць «У капцюрох ГПУ» — першы твор сусьветнай літаратуры, які апісвае жыцьцё ў сталінскім канцэнтрацыйным лягеры непасрэдна з погляду арыштанта.


Астрожная муза паэзіі

Але хоць Францішак Аляхновіч заклаў традыцыю празаічнага асэнсаваньня турмы, беларуская астрожная практыка перш за ўсё паэтычная, і йдзе яна ад Якуба Коласа.

У турме

Сонца ўстане, сонца зойдзе,
Дзень заменіць ночкі цьма,
А над намі чорнай хмарай
Вісьне цесная турма.

Птушкі вылецяць на зіму,
Птушкі зноў ляцяць сюды,
Мы ж марнуемся ў астрозе,
Трацім лепшыя гады.

Дні мінаюць, дні праходзяць,
Летам зьменіцца зіма,
А мы сохнем і марнеем,
Нам тут радасьці няма.

Будучы клясык айчыннага прыгожага пісьменства склаў гэты верш у менскім астрозе ў 1910-м. Там жа за тры гады зьняволеньня ён задумаў свае эпічныя паэмы «Сымон-музыка» і «Новая зямля» і напісаў многія іх разьдзелы. Мінула сто дзесяць гадоў, а паэтычнай музе беларускіх творцаў па-ранейшаму даводзіцца прадзірацца да іх скрозь краты.

Ня бачна нічога,
Хто я такі,
І не мая падлога…
Чуюцца крыкі,
Запах крыві,
Нехта як быццам
Мне крыкнуў — Жыві!
Але я ня ведаў,
Чым пахне падлога,
Знаёмы пах,
Гэта крывавы дах.
Застанься дома,
Казала мне маці,
Але ў чаце пішу:
«Я выходжу».

Аўтар працытаванага верша напісаў нам толькі сваё імя — Андрэй Канапліцкі, але з кантэксту напісанага не ўзьнікае сумневаў пра месца, якое яго, даруйце, «натхніла».


Вядомы паэт Дзмітрый Строцаў падаў канкрэтную лякацыю сваёй нядаўняй творчасьці.

В стакане

на стенках
стакана
в автозаке

иероглифы
пальцами

алоречивы как

ногтевАя
расцарапанная
адопись

на стенах
газовых камер
Освенцима

23.10.2020


Ноччу ў Жодзінскім ізалятары загучалі суровыя словы ў вушах знанага паэта і барда Эдуарда Акуліна. Запісаць не было чым — трымаў у памяці да вызваленьня.

Страляй!..

Перад тым, як узьняць пісталет
і націснуць курок для стрэла, —
плюнь на Госпадаў запавет —
націскай без ваганьняў сьмела!

Раз аддадзен загад: — Страляй! —
праяві у «баі» адвагу, —
але ўсё-такі узгадай —
ты каму аддаваў прысягу?

Не успомніў? Забыў? Забіў?
Падпісаў з Люцыфэрам згоду?
Пад вар’яцкі падпаў уплыў?
Нагадаю — свайму Народу!

Не вагайся, страляй, чаго ж…
Ў Курапатах хапае месца…
Толькі ўспомні, згадай усё ж,
што сумленьне не прадаецца…

Націскаючы на курок
без загаду ці па загадзе, —
да злачынства ты робіш крок,
крок насустрач ганебнай здрадзе…

Націскаючы на курок
без загаду ці па загадзе, —
ты страляеш у свой выток, —
ты страляеш у сэрца маці…

Націскаючы на курок
Пасярод навальнічнай ночы, —
ты пацэліш не у пясок,
ты пацэліш у любай вочы…

Націскаючы на курок,
у цябе ёсьць адна хвіліна, —
адступіць усяго на крок,
каб ня стрэліць у шчасьце сына…

Націскаючы на курок,
не абдумваючы загаду,
ты апошні свой робіш крок, —
дык страляй, каб забіць уладу!

26–28 кастрычніка 2020 г.


Змрочна вядомая «амэрыканка», турма КГБ, ад 11 чэрвеня захінула белы сьвет для Сьвятланы Купрэевай. Сяброўка сямʼі Віктара Бабарыкі зрэдчас дасылае адтуль адрасатам сваю шчымліва-сьветлую лірыку.

Как удивительно проста
Была мелодия романса
Той жизни… Не верь, что нету шанса
Ведь, кроме смерти, есть всегда
Твой шанс не сдаться, не упасть,
А если падать, то подняться,
В цементном склепе танцевать,
Всем сердцем миру улыбаться!

август 2020


За астрожныя муры «амэрыканкі» зазірае часам муза і да юрыста, сябра Каардынацыйнай рады Сьвятланы Ціханоўскай Максіма Знака. У ягоных вершах няма адчаю, тугі ці безнадзейнасьці.

Чытаючы іх, ловіш сябе на думцы, што гэта ён з-за кратаў падбадзёрвае тых, хто на волі. А не наадварот, як здавалася, мусіла б быць.

Барон с утра кряхтит натужно….
Нужно!
И до обеда непременно
Всем нужен подвиг ежедневно,
Все подвига привычно ждут…
А он устал… Ну сколько можно?..
Сложно
В рутине подвиг находить.
Не мёд Мюнхгаузеном быть!
Героем быть — нелёгкий труд!..
Зеваки могут потешаться,
смеяться!
Но всех зевак барон простит —
Великодушен и открыт:
Ему достаточно лишь взгляда,
Чтобы восторженно смотрел
пострел
Или девчонка в платье,
А повезёт — ещё и мать их.
И больше — ничего не надо…
А надо просто не мешать
Красивый подвиг совершать!
Барон усы подкрутит выше…
Ну, мир, держись! Из дома вышел!


Завершыць гэты агляд турэмных твораў 2020-га хочацца вельмі вобразным і сымбалічным вершам маладой паэткі Ганны Комар.

у нашай камэры

на чацьвярох

усё агульнае:
вадкае белае
ліпкае охравае сьвятло
рыпеньне ложка
холад, скручаны абаранкам
сонца за густым шклом
чыстае паветра са шчыліны ў акне
пыхканьне вольных цягнікоў
бразгат дзьвярэй
перастукваньне праз сьцены
— — – — —
цёплая вада ў душы
дэзадарант
газэта сканвордаў
голас, які чытае кнігу
згушчаны час
просьбы
праклёны
кашмары
чаканьне
і адно на ўсіх
«калі я выйду на волю…»
12.09.2020

Рысачкі ў вершы трэба чытаць «Жы-ве-Бе-ла-русь!» Так вязьні перастукваюцца праз сьцены камэраў.