У дачыненні да Марыі была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў), а ў дачыненні да Дзяніса па арт. 341 КК (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці). Дзяніс знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыяздзе, аднак 22 кастрычніка 2020 г. ён быў затрыманы, узяты пад варту ў ІЧУ, а абвінавачванне ў дачыненні да яго было перакваліфікаванае на ч.2 арт. 339 і ч.2 арт. 218 КК.
Абвінавачванне ў дачыненні да Марыі Бабовіч было таксама перакваліфікаванае на ч.2 арт. 339 і ч.2 арт. 218 КК. На дадзены момант яна знаходзіцца ў СІЗА г. Жодзіна.
Такім чынам максімальнае пакаранне, якое пагражае Дзянісу і Марыі, складае 10 гадоў пазбаўлення волі.
У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае.
Напісанне на асфальце надпісу “Не забудзем” не з’яўляецца праявай хуліганства. Мы катэгарычна не згодныя з такога кшталту кваліфікацыяй дзеянняў Марыі і Дзяніса.
Нанесеныя імі графіці не прывялі да знішчэння ці пашкоджання аб’екта, на які яны былі нанесеныя, не прывялі да страты ім яго спажывецкіх якасцяў. Прывядзенне яго ў першапачатковы выгляд патрабавала пэўных матэряльных затрат, якія маглі б быць ускладзеныя ў далейшым на прычыніцеляў шкоды ў грамадзянска-прававым парадку.
Змест надпісу, месца, у якім ён быў зроблены (месца забойства супрацоўнікамі міліцыі дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага), у кантэксце грамадска-палітычных падзеяў і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх трох месяцаў, сведчаць аб тым, што матывам Марыі і Дзяніса пры яго нанясенні было выказванне меркавання на дадзеныя грамадска значныя тэмы.
Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі ім абвінавачваннямі.
У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Абвінавачаныя не пасягалі на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчылі іх, а зроблены імі надпіс не нанес незваротных пашкоджанняў асфальтнаму пакрыццю, на які ен быў нанесены. Абвінавачаныя не выкарыстоўвалі нецэнзурную лексіку ў надпісах альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.
Дзеянні Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава насілі выключна мірны характар і адпаведна трапляюць пад абарону арт. 19 Пакта.
Выклікае здзіўленне памер налічанай “Горрэмаўтадору” шкоды дзеяннямі Марыі і Дзяніса. Так, налічаная дадзенай арганізацыяй шкода ад учыненага надпісу Марыяй склала 10 182 рублі, а Дзянісам 10 тысяч рублёў.
Надпіс “Не забудзем” на асфальце тратуара не мог прывесці да значнага пашкоджання ці знішчэння дарожнага пакрыцця, і матэрыяльная шкода ад такго надпісу відавочна насіла сімвалічны характар.
Павялічэнне памеру шкоды прывяло да дадактовай кваліфікацыі дзеянняў Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава па ч.2 арт. 218 КК – наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, здзейсненае грамадска небяспечным спосабам ці пацягнуўшае прычынне шкоды ў буйным памеры. Максімальнае пакаранне, прадугледжанае дадзенай часткай артыкула 218, складае да 10 гадоў пазбалення волі.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава адвольным і палітычна матываваным, а саміх Марыю Бабовіч і Дзяніса Граханава палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
- Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Марыі Бабовіч і Дзяніса Граханава, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
- Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Беларускі Дакументацыйны цэнтр;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
Беларускі ПЭН-цэнтр.