Усяго ў гэтай намінацыі было разгледжана 19 выданняў.
Мастакі і кнігі, якія ўвайшлі ў кароткі спіс:
Дар’я Барышнікава, Лілія Бусарава, Ксенія Гуніна-Авербург, Алеся Жыткевіч, Ганна Каралёва, Ілона Касабука, Алена Немік, Маша Петухоўская, Леся Пчолка, Таццяна Радзівілка, Дар’я Сазановіч, Антаніна Слабодчыкава, Кацярына і Марыйка Сумаравы, Марта Шматава, Кацярына Шутко — Ірына Саламаціна, Наталля Кухарчык. “Яна была”. Выдавецтва “Галіяфы”
Дар’я Ганчарык-Чарняўская, Алена Карабань — “З рога ўсяго многа”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”
Марыя Міцкевіч — Таццяна Дамаронак. “Вясёлка над лесам”. Выдавецтва “Звязда”
Кацярына Першына — Алена Стэльмах. “Павучок Славік”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”
Марыя Станкевіч — Анатоль Зэкаў. “Варыла вячэру варона”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”
Вераніка Шпак — Генадзь Аўласенка. “Як зубраня “Зубраня” наведала”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”
У склад мастацкага журы сёлета ўваходзяць Кацярына Дубовік, Васіліса Паляніна і Валерый Славук.
Журы звяртае ўвагу, што ацэньвае кнігі як цэльны твор, у якім ілюстрацыі, вокладка, макет, выбар шрыфту і паперы ды іншыя складнікі ўзаемадапаўняюць адно аднаго і разам працуюць на агульную ідэю. Асобную ролю ў стварэнні канчатковага прадукту грае таксама праца выдавецтва і якасць уласна друку. На жаль, сёння мастакам часта варта самім адсочваць працэс стварэння кнігі ад пачатку і да канца, каб атрымаць на выхадзе годны вынік.
Такім чынам, журы хацела б адзначыць досыць высокі ўзровень працы над ілюстрацыямі ў кнігах, аформленых Людмілай Каюковай (“Вяшчунка” Вольгі Любашынай), Веранікай Лемешавай (“Вухуцік. Васільвася” Кацярыны Хадасевіч-Лісавой) і Андрэем Пазняком (“Прыгоды Пінокіа” Карла Калодзі). Аднак іншыя якасці гэтых выданняў, на жаль, не дазволілі ім увайсці ў кароткі спіс.
Пераможцы кожнай намінацыі атрымаюць грашовую ўзнагароду, эквівалентную 2000$.
Звыклая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў прэміі сёлета не будзе праводзіцца ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй. А каб не так сумавалася з гэтай нагоды, мы падрыхтавалі стракаты набор стыкераў. Вобразы для яго намалявала адна з лаўрэатак прэміі — Лізавета Лянкевіч. Усталяваць стыкерпак для Telegram можна па гэтай спасылцы, а для Viber — па гэтай.
Прэмія Цёткі ўручаецца з 2016 года пры падтрымцы фонда “Вяртанне”. За гэты час пераможцамі прэміі рабіліся Надзея Ясмінска і мастачка Кацярына Дубовік з кнігай “Сем ружаў”, Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў з кнігай “Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, Валер Гапееў з кнігай “Мая мілая ведзьма” і Лізавета Лянкевіч з ілюстрацыямі да кнігі Рыгора Барадуліна “Азбука. Вясёлы вулей”, Вера Бурлак з кнігай вершаў “Фантазюркі” і Кацярына Дубовік з ілюстрацыямі да кнігі Надзеі Ясмінскай “Чаму Меша не мае хаты”.