Відэа цалкам даступнае на старонцы Андруса Кубілюса ў Фэйсбуку.
Сустрэча складалася з чатырох частак: 1) кампіляцыі відэаролікаў салідарнасці з Беларуссю і музычных відэа, 2) выказванняў салідарнасці з Беларуссю ад сябраў Еўрапарламенту, 3) выказванняў беларускіх актывістаў і актывістак – блогераў, журналістаў, прадпрымальнікаў, НДА, арганізацый грамадзянскай супольнасці і медыя парталаў, 4) сустрэчаў з беларускімі музыкамі, аб’яднанымі ў ініцыятыву #культпратэст.
Да мерапрыемства таксама далучыўся літоўскі рок-музыка Альгірдас Каўспедас – адзін з ініцыятараў арганізацыі «Літоўскі рух за перабудову» ў 1980-х гадах.
Падаём цытату з выступу намесніцы старшыні Беларускага ПЭНа Таццяны Нядбай:
Сфера (беларускай) культуры заўсёды адсоўвалася на другі (трэці, чацвёрты) план і была не ў фокусе падтрымкі ні ўнутры краіны («спярша эканоміка – потымкультура»), ні з боку заходніх партнёраў. Культуру часта ўспрымаюць як самадзейнасць, і стаўленне да яе такое ж – паблажлівае. Знешняя падтрымка «на культуру» вельмі абмежаваная, і яно зразумела: усе лічаць, што гэта мусіць быць клопатам беларускай дзяржавы і беларусаў. Гэта праўда – мусіць быць. Але ўнутры краіны падтрымліваецца пераважна афіцыёзная культура, якая абслугоўвае ідэалагічныя патрэбы ўлады. Арганізацыі і творцы, каторыя не дэманстравалі лаяльнасці ўладам (а то і паказвалі нелаяльнасць), не тое што не маглі разлічваць на датацыі з боку дзяржавы, а і зазнавалі пераслед, а таму і мясцовы бізнэс не заўсёды гатовы станавіцца на гэтую слізкую сцежку, якая вядома куды прывядзе.
Культура – гэта менавіта тое, што ўзрошчвае доўгатэрміновыя змены і задае для іх каштоўнасную платформу. Без каштоўнаснага шкілета любыя палітычныя змены не будуць трывалымі. Калі выхочаце, каб змены адбыліся і былі надоўга, інвестуйце ў культуру. Вынікі небудуць хуткімі, але іх змогуць адчуць наступныя пакаленні, якім (спадзяюся) жыць у гэтай краіне.