Праваабарончая супольнасць Беларусі патрабуе спыніць пераслед мірных дэманстрантаў, праваабаронцаў і журналістаў і вызваліць тых, хто адбывае арышт.
На пачатку гэтага месяца ў розных гарадах Беларусі адбыліся мірныя акцыі пратэсту: у падтрымку экаактывістаў Брэста (т.зв. “кармленне галубоў”), у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага, акцыі супраць параду ў гонар 9 мая падчас пандэміі.
На мірныя пратэсты ўлады адрэагавалі масавымі арыштамі.
Па стане на 13 мая, з 6 мая ў Беларусі:
- былі затрыманыя каля 120 чалавек: удзельнікаў мірных сходаў, праваабаронцаў і журналістаў;
- міліцыя склала прыкладна столькі ж пратаколаў (каля 120) за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП);
- 50 чалавек асуджаныя на арышты тэрмінам ад 2 да 25 сутак. Агульная колькасць атрыманых сутак з 6 па 13 траўня – 479;
- 20 чалавек атрымалі штрафы на агульную суму ў 583 базавыя велічыні (15741 рубель);
- адміністрацыйныя суды прайшлі ў 17 гарадах краіны, сярод якіх Мінск, Віцебск, Гомель, Бабруйск, Магілёў, Орша, Паставы, Полацк, Наваполацк, Глыбокае, Вілейка, Гродна, Ліда, Брэст, Мазыр, Жлобін, Мар’іна Горка.
Так, пасля адвольнага затрымання 6 мая Сяргея Ціханоўскага, які абвясціў аб намеры балатавацца ў прэзідэнты, міліцыя затрымала як найменей 38 чалавек, якія па ўсёй Беларусі выйшлі на вуліцы ў знак пратэста супраць яго арышту. Усе затрыманыя атрымалі штрафы або пазбаўленыя свабоды на тэрміны да 15 сутак.
8 мая ў Мінску у знак пратэсту супраць рашэння ўладаў правесці ваенны парад, нягледзячы на пандэмію, актывісты Моладзевага блоку падчас афіцыйнай рэпетыцыі параду пранеслі па праспекце Незалежнасці труну. Незадоўга да таго ў Мінску актывісты зладзілі яшчэ адну акцыю супраць параду: сфатаграфаваліся на фоне надпісу “Подвіг народа бессмяротны” са значкамі “А мы не”. Чацьвёра актывістаў былі затрыманыя, двое з іх, Даніла Лаўрэцкі і Ліза Пракопчык, былі асуджаныя да 13 і 5 сутак арышту па артыкуле 23.34 КаАП за парушэнне ўсталяванага парадку правядзення масавых акцый.
Улады ўзмацнілі рэпрэсіі і супраць праваабаронцаў.
Сярод затрыманых 8 мая быў журналіст і актывіст “Вясны” Аляксандр Буракоў; яго затрымалі на 72 гадзіны да разгляду справы судом, і толькі 11 мая суд арыштаваў яго на 10 сутак.
У апошнія дні ў Брэсце склалася практыка затрымліваць актывістаў адразу пасля судоў і весці ў ізалятар да разглядаў наступных адміністрацыйных спраў. 10 мая ў Брэсце былі затрыманыя праваабаронцы Уладзімір Вялічкін і Раман Кісляк, якія маніторылі акцыю супраць завода АКБ. Праз двое сутак іх прывезлі ў суд, і пасля суда зноў затрымалі. Па стане на 13 траўня ў Брэсце ўтрымліваліся ў няволі, у чаканні новых судоў, 7 чалавек разам з праваабаронцамі.
Актывітстка “Вясны” Алена Маслюкова церпіць рэпрэсіі за абарону права на здаровае навакольнае асяроддзе: супраць праваабаронцы трывае крымінальны пераслед. 23 красавіка ў кватэры А. Маслюковай адбыўся ператрус з канфіскацыяй тэхнікі на падставе заявы грамадзянкі Зобавай, якую праваабаронца нібыта абразіла ў сацыяльных сетках. Праваабаронцы звязваюць крымінальны пераслед Алены Маслюковай з яе кампаніяй супраць завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску.
Рэпрэсіі адбываюцца і супраць журналістаў.
Так, 9 мая ў Бабруйску быў затрыманы журналіст БелаПАН Алесь Асіпцоў; яго месцазнаходжанне не было вядома некалькі дзён пасля затрымання. Алесь Асіпцоў быў асуджаны да 10 сутак арышту; ад 9 мая журналіст трымае галадоўку пратэста.
Журналіст Зміцер Лупач з Глыбокага 11 мая быў асуджаны да 10 сутак арышту па двух артыкулах КаАП: 22.9 (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) і 23.34 (“Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”). Пасля судовага паседжання журналіст з гіпертанічным крызам трапіў у рэанімацыю; але суд не змяніў пакаранне, даўшы толькі адтэрміноўку; Зміцер Лупач павінен адбыць арышт з 18 мая.
Журналіст Міхаіл Аршынскі агулам быў асуджаны да 21 сутак арышту за стрымы з акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве. 11 мая журналісту прысудзілі 10 сутак нібыта з ўдзел у несанкцыянаваным сходзе, і 12 мая Міхаіл Аршынскі атрымаў на судзе, куды яго прывезлі з ізалятару, яшчэ 11 сутак арышту.
Праваабарончая супольнасць Беларусі лічыць згаданыя судовыя пастановы палітычна матываванымі. Прымяніўшы штрафы і арышты за ўдзел у мірных пратэстах і іх асвятленне, улады парушылі правы на свабоду выказвання меркавання і мірных сходаў, прадугледжаных артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі:
- выказваюць свой пратэст і патрабуюць ад уладаў Рэспублікі Беларусь неадкладнага спынення рэпрэсій супраць удзельнікаў мірных сходаў, праваабаронцаў і журналістаў і вызвалення ўсіх, хто адбывае арышт;
- заклікаюць улады да выканання сваіх абавязкаў у галіне правоў чалавека, якія вынікаюць з ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь міжнародных нормаў, Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека і Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
ПЦ “Вясна”
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”
РГА “Прававая ініцыятыва”
РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”
Установа “Human Constanta”
ППУ “Офіс па правах людзей з інваліднасцю”
АУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”
Асамблея НДА
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
Ініцыятыўная група “Ідэнтычнасць і права”
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
Публічная ўстанова «Беларускі дакументацыйны цэнтр»
Экспертна-прававое Таварыства “Ініцыятыва FORB”