• Навiны
  • Беларускі ПЭН віншуе ўсіх з Калядамі і Новым годам!

Беларускі ПЭН віншуе ўсіх з Калядамі і Новым годам!

Апошняе абнаўленне: 25 снежня 2019
Беларускі ПЭН віншуе ўсіх з Калядамі і Новым годам!
Вершаванае віншаванне ад Беларускага ПЭН-цэнтра! З Калядамі і Новым годам!

Аўтарка малюнка Лізавета Грышчук

Андрэй Хадановіч. Менск-Калядны

Скразняк гуляе пад швэдрам.
Вагоны блішчаць бакамі.
Зямля фліртуе з паветрам
і дражніцца цягнікамі.

Святло сядае на вейкі,
залоціць рэйкі ў іх гонцы –
і рэйкі ўпадаюць у рэйкі,
і сонца ўпадае ў сонца.

На шкле расцвітаюць рыбы
і кветкі плывуць наўкола,
калі вандроўныя шыбы
цалуе Святы Мікола.

З узораў, нібы цаглінак,
складаюцца лапы ялінак,
і хочаш руку прыкласці:
“Дай лапу, ёлка, на шчасце!”

Ідуць па вагонах пешкі
шчаслівыя калядоўшчыкі,
нібы настаўніку вершыкі
расказваюць каля дошкі.

Шыбуюць, гонячы стому,
нібыта чакалі нагоды
вярнуцца здалёк дадому
на святы ці на-
заўсёды.

З каханымі ці сам-насам,
звычайным ці бізнэс-класам,
туды, дзе ў небе гірлянды
над станцыяй Менск-Калядны, –

імкнуцца мужна і мудра,
як воі добрае волі…
Настаўнік смяецца ў футра:
галоўнае вучні засвоілі.

Снежань 2019