11 красавіка сёлета будзе ўручаная чацвёртая Вышаградская літаратурная прэмія Ўсходняга партнёрства (Visegrad Eastern Partnership Literary Award).
На гэтую прэмію намінуюцца кнігі паэзіі, прозы ці нон-фікшан з шасці краін Усходняга партнёрства (Беларусі, Украіны, Малдовы, Азербайджана, Арменіі і Грузіі).
Папярэднімі лаўрэатамі прэміі былі Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка” ў 2014 годзе, Акрам Айліслі з Азэрбайджану з кнігай “Каменныя сны” ў 2015 годзе, Сафія Андруховіч з Украіны з кнігай “Фэлікс Аўстрыя” ў 2016 годзе.
Пасля гадавога перапынку летась на прэмію былі намінаваныя 14 аўтараў з Усходняй Эўропы. Трое з чатырнаццаці – беларускія літаратары: Альгерд Бахарэвіч (за кнігу “Сабакі Еўропы”), Андрусь Горват (за кнігу “Радзіва “Прудок”) і Макс Шчур (за кнігу “Завяршыць гештальт”). Лаўрэатам стаў украінскі пісьменнік, родам з Данецку, Уладзімір Рафеенка, за раман “Доўгія часы” (у арыгінале “Долгота дней”). Расклад цырымоніі ўзнагароджвання можна адсачыць на старонцы прэміі ў фэйсбуку.
На цырымоніі таксама пройдзе прэзентацыя перакладу “Доўгіх часоў” Уладзіміра Рафеенкі на чэшскую мову (паводле статуту прэміі, кніга пераможцы перакладаецца на адну з моў Вышаградскай чацвёркі – чэшкую, славацкую, вугорскую ці польскую).
Праект мае на мэце стварыць платформу для дыялогу паміж інтэлектуаламі з постсавецкіх краін і краін Вышаградскай чацверкі. Разам з гэтым праект стварыў і штогод напаўняе базу дадзеных літаратурнага жыцця рэгіёна на сваім блогу.