“Гаспадар ледзянога саду” і яго перакладчыцы

Апошняе абнаўленне: 27 лістапада 2018
“Гаспадар ледзянога саду” і яго перакладчыцы
22 лістапада адбылася чарговая Перакладчыцкая Майстэрня, прысвечаная сучаснаму празаіку Яраславу Гжандовічу.

22 лістапада адбылася чарговая Перакладчыцкая Майстэрня, прысвечаная сучаснаму празаіку Яраславу Гжандовічу, вельмі папулярнаму ў Польшчы і ўжо вядомаму па-за яе межамі.

Яго чатырохтомнаму цыклу раманаў складана даць жорсткае жанравае вызначэнне, бо элементы science-fiction шчыльна пераплятаюцца з фэнтэзі. Героі з высокацывілізаванага свету назіраюць за планетай Мідгаард, што знаходзіцца на ніжэйшым узроўні развіцця, але наскрозь прасякнутая магіяй, якая перашкаджае карыстацца высокатэхнічнымі прыборамі. Прышэльцы не прагрэсары і ў прынцыпе не маюць права ўплываць на развіццё таго сусвету, але гэта ў іх не вельмі атрымліваецца, бо магічны свет пачынае ўплываць на іх, перабудоўваючы ўменні, характары і целы.

Адметным ёсць спосаб нарацыі ў раманах. Ад першай асобы апавядаюць гісторыю Вука Дракайнен, пасланец, які прыбыў на Мідгаард з мэтай знайсці згубленую экспедыцыю, а трапіў у не абы-які пераплёт, і Малады Тыгр, нашчадак імператарскага трону Амітрая, краіны са складаным мінулым і не менш складанай будучыняй, бо Мідгаард ахапіла вайна багоў, а багі не надта клапоцяцца пра камфорт смяротных людзей. Нарацыя ад трэцяй асобы пачынаецца, калі ў мозгу Вука ўключаецца яго сімбіёнт-лічбар…

Змест сагі, безумоўна, цікавы, але задачай прысутных было засяродзіцца на ўласна перакладчыцкіх праблемах. Першы том цыклу “Гаспадар ледзянога саду” выходзіць у беларускім перакладзе Марыі Пушкінай і Алены Пятровіч. Абедзве перакладчыцы наведалі майстэрню – і Марыя Пушкіна паказала колькі фрагментаў сваёй працы.

Сумесны пераклад прадугледжвае пэўнае ўзгадненне сваіх дзеянняў, найперш – аднолькавую перадачу імёнаў персанажаў ды іншых уласных назваў. Так, тапонім “Midgaard”, а таксама імёны “Vuko Drakkainen” ды “Ulf Nitj’sefni” застануцца па-беларуску нязменнымі: “Мідгаард”, “Вука Дракайнен” – і, ва ўсёй экзатычнай красе, – “Ульф Нітй’сэфні”. “Nocny Wędrowiec” заканамерна зробіцца “Начным Вандроўнікам”, “Wybrzeże Żagli” – “Узбярэжжам Ветразяў”, “Ludzie Brzegu” – “Людзьмі Берага”, “Ludzie Węże” – “Людзьмі-Змеямі”. Пэўныя тапонімы патрабавалі ад перакладчыц большай свабоды і недаслоўнасці: “Pustkowie Trwogi” – “Пусткі Вусцішы”, “Żmijowe Gardło” – “Горла Цмока”, “Wioska Chmur” – “Сяліба Хмар”, “Komnata Zwojów” – “Палата Сувояў”. Арыгінальнае “Styrsman” ператвараецца ў “Стырнавога”.

Зацятыя дыскусіі тычыліся перадачы па-беларуску такога паняцця, як “Cyfral” – грыб-паразіт, што імплантуецца чалавеку і, уступаючы з ім у сімбіёз, пры актывацыі надзяляе яго звышчалавечымі здольнасцямі. Перакладчыцы спыніліся на версіі “Лічбар”. Дагэтуль не да канца вырашаным засталося, як перадаваць паняцці “Pieśniarz”, “Wiedzący”, “Czyniący” (тым больш, што некаторыя з іх утвораныя паводле той самай мадэлі). Пакуль перакладчыцы (і ўдзельнікі майстэрні, што іх падтрымалі) спыніліся на “працоўных” версіях “Песнядзей”, “Ведадзей” і проста “Дзей”. Рашэнні рызыкоўныя, але не пазбаўленыя сваёй прывабнасці. Ці прапануюць перастваральніцы нешта іншае (і, магчыма, лепшае) на апошнім этапе падрыхтоўкі перакладу, дазнаюцца тыя, хто знойдзе і разгорне беларускае выданне Гжандовіча. Якое рыхтуецца і хутка з’явіцца ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча.

“Гаспадар ледзянога саду” і яго перакладчыцы

“Гаспадар ледзянога саду” і яго перакладчыцы

“Гаспадар ледзянога саду” і яго перакладчыцы

“Гаспадар ледзянога саду” і яго перакладчыцы