
Міжнародны ПЭН і ПЭН Уганды глыбока занепакоеныя нядаўнім арыштам і судовым працэсам супраць выбітнай угандыйскай вучонай, пісьменніцы і актывісткі, доктара Стэлы Ньянзі.
Яна была арыштаваная 2 лістапада 2018 года і абвінавачаная ў “кібер-агрэсіі” і “абразлівай камунікацыі” пасля таго, як яна нібыта змясціла паведамленні ў Facebook пра маці прэзідэнта Уганды Ёвэрі Мусэвіні. Пасля судовага слухання, якое прайшло 9 лістапада, Ньянзі была змешчаная пад варту да наступнага слухання (22 лістапада). У выпадку прызнання яе віны ёй пагражае да аднаго года турэмнага зняволення.
Міжнародны ПЭН і ПЭН Уганды лічаць, што абвінавачванні, высунутыя супраць Стэлы Ньянзі, парушаюць свабоду выказвання, якую Уганда як член Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах абавязаная абараняць. Яны заклікаюць да тэрміновага вызвалення Ньянзі, а таксама да зняцця з яе ўсіх абвінавачванняў.
Больш інфармацыі пра сітуацыю вакол арышту Стэлы Ньянзі чытайце на сайце Міжнароднага ПЭНа.