Уціск свабоды слова ў Расіі

Апошняе абнаўленне: 11 кастрычніка 2018
Уціск свабоды слова ў Расіі
Новы даклад Міжнароднага ПЭН-клуба расплюшчвае вочы сусветнай супольнасці на жорсткі ўціск свабоды слова ў Расіі.

Новы даклад Міжнароднага ПЭН-клуба расплюшчвае вочы сусветнай супольнасці на жорсткі ўціск свабоды слова ў Расіі.

Законы, прынятыя пасля вяртання Уладзіміра Пуціна на пост прэзідэнта ў маі 2012 года, значна ўзмацнілі кантроль расійскіх уладаў за распаўсюджаннем інфармацыі ў інтэрнэце і па-за інтэрнэтам, што прыводзіць да ўціску свабоды слова ў Расіі, заявілі ў апублікаваным сёння дакладзе Міжнародны ПЭН, ПЭН-Масква і ПЭН Санкт-Пецярбурга.

У сумесным дакладзе ПЭН-цэнтраў “Жорсткі ўціск свабоды слова ў Расіі ў 2012-2018 гг.” знаходзіцца ўсеабдымны агляд становішча са свабодай слова ў краіне. Апошнім часам прастора для вольнага выяўлення меркаванняў, для дзейнасці грамадзянскай супольнасці і для любога іншадумства ў Расіі імкліва скарачаецца з прычыны шэрагу новых законаў, што крыміналізуюць нават канструктыўную крытыку ўлады. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ператварыліся ў інструменты прапаганды; бібліятэкі зазнаюць пераслед за захоўванне “экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
 
“Агрэсіўныя замахі Расіі на свабоду слова адбываюцца па ўсіх напрамках, прычым дзеянні ўладаў закранаюць не толькі пісьменнікаў, журналістаў і праваабаронцаў, але і ўсіх расіян. У дакладзе апісваюцца спосабы, з дапамогай якіх заглушаюцца галасы, што чуваць у Расіі, і прапаноўваюцца рэкамендацыі, як расійскія ўлады маглі б выканаць свае міжнародныя абавязацельствы па абароне свабоды слова”, – сказала Джэніфер Клемент, прэзідэнт Міжнароднага ПЭН-клуба.
 
Расплыўчатыя фармулёўкі заканадаўства і ягонае выбарачнае прымяненне дазваляюць расійскім уладам абмяжоўваць грамадзянам доступ да інфамацыі, ужываць цэнзуру, а таксама ажыццяўляць нагляд за грамадзянскай супольнасцю, тым самым рэзка абмяжоўваючы свабоду слова ў Расіі.
 
За рэдкімі выключэннямі расійскія ўлады ці афіляваныя з імі асобы валодаюць большасцю сродкаў масавай інфармацыі, якія зрабіліся фактычна рупарам дзяржавы. Нешматлікія незалежныя журналісты зазнаюць наймацнейшы ўціск – юрыдычны, фізічны і эканамічны, калі спрабуюць ісці насуперак афіцыйнай лініі і закранаць крытычныя пытанні. Апазіцыйныя журналісты сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі. Напрыклад, журналіст Жалаўдзі Герыеў адбывае ў Чачні трохгадовы турэмны тэрмін па беспадстаўных абвінавачаннях у захоўванні наркотыкаў.

“Незалежным журналістам у Расіі нялёгка. Многія заплацілі за праўду надмерную цану. Мы помнім нашую бясстрашную каляжанку і сяброўку Ганну Паліткоўскую, застрэленую ў пад’ездзе свайго дому ў Маскве. Хоць яна была забітая дванаццаць гадоў таму, натхняльнікі гэтага забойства перад судом так і не з’явіліся. Беспакаранасць заахвочвае злачынцаў. Прыйшоў час разарваць гэтае заганнае кола раз і назаўсёды”, – кажа журналістка Надзея Ажгіхіна, выканаўчая дырэктарка ПЭН-Масква.
 
Расійскія ўлады трымаюць дзясяткі людзей у зняволенні па палітычных матывах. Вядомы ўкраінскі пісьменнік і кінарэжысёр Алег Сянцоў, які голасна пратэставаў супраць “прыяднання” Крыму да Расіі, быў арыштаваны ў Крыме ў маі 2014 года і насуперак міжнароднаму гуманітарнаму праву вывезены ў Расію. У жніўні 2015 году пасля абуральна несправядлівага судовага разбіральніцтва, нягледзячы на заяву Сянцова аб катаваннях падчас следства, ён быў асуджаны расійскім ваенным судом да 20 гадоў турэмнага зняволення па ілжывых абвінавачаннях у тэрарызме. З 14 мая 2018 года Алег Сянцоў трымаў галадоўку, заклікаючы да вызвалення ўсіх украінскіх грамадзян, несправядліва арыштаваных і асуджаных у Расіі.
 
“Алег Сянцоў галадаваў 145 дзён, цяпер з-за пагрозы прымусовага кармлення ён спыніў галадаванне, але за гэтыя месяцы ягонае здароўе было моцна пашкоджанае. На самой справе ён не мусіў ніводнага дня знаходзіцца за кратамі. Расійскія ўлады абавязаня тэрмінова вызваліць яго. Сябры ПЭН-Масква і Санкт-Пецярбургскага ПЭН-клубу ўдзельнічаюць у шырокай грамадскай кампаніі ў падтрымку Алега Сянцова, і 10 кастрычніка наша петыцыя будзе перададзеная ў Раду па правах чалавека Расіі”, – кажа дырэктарка Санкт-Пецярбургскага ПЭН-клуба, пісьменніца Алена Чыжова.
 
Даклад МПЭН таксама сведчыць пра пагрозу свабодзе творчасці. Тэатры ў Расіі квітнеюць, але ў той самы час рэжысёры зазнаюць судовы пераслед. Кірыл Сярэбранікаў, адзін з найвыдатнейшых рэжысёраў Расіі, які прытрымліваецца крытычных да расійскіх уладаў поглядаў, ужо больш за год знаходзіцца пад хатнім арыштам па абвінавачанні ў махлярстве пры выкарыстанні дзяржаўных сродкаў. Сярэбранікаў адмаўляе ўсе абвінавачанні.
 
У прадмове да Даклада пісьменніца Людміла Уліцкая адзначае: “Калі ўсе гэтыя факты сабраныя разам, яны выклікаюць надзвычай цяжкія пачуцці. Ты разумееш, што ўсё гэта – не чарада выпадковых падзей, а сама логтка сённяшняга расійскага жыцця. Дакумент дае жахлівую карціну узаемадачыненняў дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, дзяржавы і асобнага грамадзяніна, дзяржавы і мастака”.
 
Міжнародны ПЭН, ПЭН-Масква і Санкт-Пецярбургскі ПЭН звяртаюцца да расійскіх уладаў з заклікам тэрмінова спыніць уціск свабоды слова і стварыць магчымасці для развіцця свабоднай грамадскай дыскусіі. Першыя крокі да гэтага павінны ўключаць:

– Адмену ці змяненне законаў, якія ўціскаюць свабоду слова ў Расіі. Неабходна таксама перагледзець законы па барацьбе з экстрэмізмам, каб яны не прыводзілі да непатрэбнага ці непамернага абмежавання права на свабоду слова.
– Спыненне палітычна матываванага судовага пераследу інтэрнэт-карыстальнікаў і журналістаў, неадкладнае і безагаворачнае вызваленне тых, хто сёння знаходзіцца ў зняволенні па такога кшталту абвінавачаннях.
– Адмену цэнзуры ў кнігавыданні, тэатры і кіно, стварэнне асяроддзя, у якім магло б развівацца мастацкае выяўленне крытычных поглядаў.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся да Sahar Halaimzai, PEN International: [email protected] | +44 00 7514 139606
ПЭН-Масква [email protected]
Санкт-Пецярбургскі ПЭН [email protected]