У Мінску з 6 чэрвеня па 8 ліпеня будзе экспанавацца выстава „Людзі Літвы“.
Адкрыццё выставы адбудзецца 6 чэрвеня (серада) а 18-й гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды 15, Мінск). У адкрыцці выставы плануе ўдзельнічаць і сам аўтар.
Арганізатары выставы: Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага і Фатаграфічны архіў Антанаса Суткуса. Спонсар выставы – Савет культуры Літвы.
Лаўрэат Нацыянальнай прэміі культуры і мастацтва, Кавалер Ордэна мастацтва і літаратуры (Chevalier des Arts et Lettres) Антанас Суткус – адзін з найбольш выбітных прадстаўнікоў гуманістычнай фатаграфіі ў Еўропе і свеце, які ў 70-х гг. XX стагоддзя разам з калегамі заклаў асновы літоўскай фатаграфічнай школы. Мэтр літоўскай фатаграфіі Антанас Суткус разам з тым з’яўляецца і адным з самых знакамітых за межамі краіны літоўскіх фатографаў, яго творчасць асабліва цэніцца і экспануецца ў прэстыжных галерэях па ўсім свеце.
Антанас Суткус, чые зафіксаваныя штодзённыя вобразы параўноўваюць з працамі легендарных майстроў – француза А. Карцье-Брэсона і венгра А. Кертэса, прадставіць у Мінску больш за сотню архіўных срэбных адбіткаў, якія ствараліся больш за 50 гадоў і аб’яднаныя ў фатаграфічны цыкл “Людзі Літвы”.
„Людзі Літвы“ – гэта бясконцая серыя фотаздымкаў, у якіх знікаюць межы паміж інфармацыйнай і мастацкай фатаграфіяй, бо іх аўтара цікавіць не чыстая дакументалістыка, але глыбіня душы чалавека з яго радасцямі, адзінотай, пакутамі і спачуваннем. На фотаздымках А. Суткуса ўвекапомненыя мастакі, вяскоўцы і гараджане, дзеці, палітыкі, вязні Каўнаскага гета, што перажылі Халакост, і іншыя. Фатографу ўласныя інтуітыўнасць, здольнасць лёгка знаходзіць эмацыйную сувязь з людзьмі, якіх ён фатаграфуе, тонкае адчуванне і перадача імгнення штодзённасці. А. Суткусу важна ўвекапомніць людзей Літвы ў іх аўтэнтычным і блізкім самому фатографу асяроддзі, пранікнуць позіркам у індывідуальны характар чалавека і імгнення. Кажучы пра сваю фатаграфію, А. Суткус адзначае: “Людзі такія, якія ёсць, але калі я іх фатаграфую – гэта “мае людзі”, такія, якімі я іх бачу. З дапамогай сваёй камеры я заўсёды імкнуўся асэнсаваць свет, што акружае мяне”.
Антанас Суткус нарадзіўся ў 1939 г. у в. Клуонішкяй (Каўнаскі р-н), вывучаў журналістыку ў Вільнюсе, працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва” і ў 1969 г. стаў заснавальнікам
Таварыства фотамастацтва Літвы, якім доўгі час і кіраваў. А. Суткус узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй культуры і мастацтва Літвы, Ордэнам Гедыміна. У мінулым годзе аўтару ўручаная Прэмія Эрыха Саламона, якая аказала вялікі ўплыў на сучасную прэс- фатаграфію і ўручалася такім вядомым фатографам, як Марцін Парр, Рэнэ Буры, Роберт Франк, Себасцьян Салгаду, а таксама перыядычным выданням „Stern“, „Frankfurter Allgemeine Zeitung“, „National Geographic Magazin“ і іншым.
Вялізны архіў творчасці аўтара ўсё нанова адкрываюць не толькі літоўскія, але і замежныя куратары і выдаўцы, яго працы захоўваюцца ў самых знакамітых музеях свету, а французы ўдзячныя А. Суткусу за незвычайную калекцыю фотаздымкаў падарожжа пісьменніка Ж.-П. Сартра па дзюнах Ніды, якая паўплывала і на французскую скульптуру – па адным са зробленых А. Суткусам фотаздымкаў Ж.-П. Сартра быў створаны помнік, які цяпер стаіць у Парыжы побач з Нацыянальнай бібліятэкай.