21 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, у Мінску быў затрыманы прызнаны беларускі паэт, лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій, Ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзімір Пракопавіч Някляеў. Верагодна, яго забралі адбываць 10-суткавы адміністратыўны арышт, да якога ён быў асуджаны 1 лістапада 2017 г. за нібыта заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое мелася адбыцца ў Мінску 21 кастрычніка. Беларускі ПЭН-цэнтр лічыць, што згаданае абвінавачванне пярэчыць міжнародным стандартам і абмяжоўвае права на выказванне свайго меркавання, гарантаванае ў тым ліку і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь.
Пасля вынясення судовай пастановы цягам некалькіх месяцаў улады не затрымлівалі Уладзіміра Някляева для адбывання арышту, а зрабілі гэта напярэдадні Дня Волі – дазволенай акцыі па святкаванні стагоддзя абвяшчэння незалежнасці БНР, якое мае адбыцца 25 сакавіка. Відавочна затрыманне было здзейснена, каб не дапусціць шэсця, прызначанага палітычнымі актывістамі да Дня Волі і забароненага ўладамі.
Улады не папярэджваюць пра тэрмін адбывання арышту і трымаюць Някляева ў сітуацыі пастаяннага напружання, пазбаўляючы яго магчымасці планаваць сваё жыццё, а таксама быць падрыхтаваным да дзесяцісуткавага перабывання ў арышце, а значыць – узяць жыццёва неабходныя лекі і асабістыя рэчы.
Беручы пад увагу вышэйсказанае лічым, што
– вынесены Уладзіміру Някляеву прысуд па абвінавачванні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння неабгрунтаваны і недапушчальны;
– непаведамленне загадзя пра даты адбывання арышту і магчымасць затрымаць знянацку, у любы час, стварае дадатковы псіхагалічны ціск на Някляева, з’яўляецца падступным і негуманным;
– затрыманне напярэдадні Дня Волі з’яўляецца прэвентыўным захадам, які мае на мэце пазбавіць Уладзіміра Някляева магчымасці ўдзельнічаць у святкаваннях і шэсці, што абмяжоўвае права на мірныя сходы.
Ужываючы ў дачыненні да 71-гадовага Уладзіміра Някляева, які мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, небгрунтаванае і нематывавана жорсткае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, улады ставяць пад пагрозу яго здароўе і жыццё.
Згаданае вышэй затрыманне – чарговая рэпрэсія ўладаў у дачыненні да Някляева, які быў адным з лідараў прэзідэнцкай кампаніі 2010 г. Будучы кандыдатам у прэзідэнты, Уладзімір Някляеў быў жорстка збіты ў дзень выбараў 19 снежня 2010 г., пасля чаго апынуўся ў СІЗА КДБ і быў абвінавачаны па артыкуле “Масавыя беспарадкі”. 30 сакавіка 2011 г. абвінавачванне было перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх). 20 траўня 2011 г. ў судзе Фрунзенскага раёна Мінску асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.
У апошнія гады Някляева неаднаразова затрымлівалі і прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Ён атрымліваў пакаранні ў выглядзе штрафаў і адміністратыўных арыштаў.
Разглядаючы чарговы арышт нашага калегі і Ганаровага старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Уладзіміра Някляева як факт ціску за яго палітычныя перакананні, Беларускі ПЭН-цэнтр заклікае беларускія ўлады спыніць пераслед, скасаваць прысуд у дачыненні да Уладзіміра Някляева, і звяртаецца да міжнароднай супольнасці з просьбай падтрымаць гэты заклік.
Рада Беларускага ПЭН-цэнтра
Павел Анціпаў
Уладзімір Арлоў
Сяргей Дубавец
Алена Казлова
Уладзімір Лянкевіч
Таццяна Нядбай
Андрэй Хадановіч