• Навiны
  • Арыштаваны старшыня Казахскага ПЭН-цэнтра Бігельды Габдулін

Арыштаваны старшыня Казахскага ПЭН-цэнтра Бігельды Габдулін

Апошняе абнаўленне: 18 лістапада 2016
Арыштаваны старшыня Казахскага ПЭН-цэнтра Бігельды Габдулін
Міжнародны ПЭН-клуб сур’ёзна ўстурбаваны арыштам журналіста Бігельды Габдуліна, старшыні Казахскага ПЭН-цэнтра і галоўнага рэдактара анлайн медыя-партала CAMonitor.kz і сайта “Радыёкропка”.

Міжнародны ПЭН-клуб сур’ёзна ўстурбаваны арыштам журналіста Бігельды Габдуліна, старшыні Казахскага ПЭН-цэнтра і галоўнага рэдактара анлайн медыя-партала CAMonitor.kz і сайта “Радыёкропка”. Арышт адбыўся 15 лістапада. Бігельды Габдуліна абвінавачваюць у вымагальніцтве бюджэтных сродкаў на карысць падкантрольных яму СМІ.

“Арышт Габдуліна — вельмі трывожная з’ява, бо ён адбыўся пасля выдання серыі артыкулаў, у якіх крытыкуюцца дзеянні ўладаў. Пераслед і абвінавачванне ў карупцыі тых журналістаў, што крытычна выказваюцца пра прадстаўнікоў ураду, — гэта кепская тэндэнцыя, скіраваная на абмежаванне свабоды слова”, — сказаў Саліл Трыпаці, старшыня камітэта “Пісьменнікі ў зняволенні”.

На працягу мінулага года па падобным абвінавачанні ўжо былі арыштаваныя некалькі іншых казахскіх журналістаў, і гэта робіць сітуацыю са свабодай слова ў Казахстане надзвычай трывожнай, лічаць у Міжнародным ПЭН-клубе.

Бігельды Габдулін — не толькі журналіст, але і вядомы казахскі празаік, эсэіст і перакладчык, аўтар раманаў “Сур’ёзная размова” (2007) і “Вялікія качэўнікі” (2011) і больш як 300 публіцыстычных артыкулаў. Ён пераклаў на рускую мову шэраг казахскіх пісьменнікаў. У 2015 годзе пад яго кіраўніцтвам Казахскі ПЭН-цэнтр заснаваў серыю “Мы, казахі”, мэта якой — пераклад твораў казахскіх пісьменнікаў на ангельскую мову, каб прыцягнуць увагу замежных чытачоў да казахскай літаратуры.