Новая Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў

Апошняе абнаўленне: 1 лістапада 2016
Новая Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў
Абвяшчаецца другі сезон прэміі.

У красавіку 2015 года была ўпершыню ўручаная Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры. Цяпер абвяшчаецца другі сезон прэміі.

Партнёрамі ў арганізацыі конкурсу і ўручэнні прэміі выступаюць: Беларускі інстытут навукі і мастацтва, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, выдавецтва “Лімарыус”.

Прэмія мае быць уручана ў 2017 годзе за кнігі, надрукаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў перыяд 2015—2016 гадоў. 

На прэмію могуць быць вылучаны кнігі, напісаныя ў галіне непрыдуманай літаратуры (non-fiction) наступных жанраў:
– Мемуары, успаміны, дзённікі, эпісталярная спадчына (не толькі ўласныя, але і публікацыі чужых)
– Біяграфіі
– Травелогі (падарожныя нататкі)
– Дакументальная проза.
 
Трох пераможцаў конкурсу вызначыць кампетэнтнае журы ў складзе:
– Літаратуразнаўца, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч;
– Старшыня секцыі непрыдуманай літаратуры ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, сябра Управы ЗБС “Бацькаўшчына”, галоўны рэдактар альманаха “Запісы БІНіМ”, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка;
– Сябра Управы ЗБС “Бацькаўшчына”, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Валер Герасімаў;
– Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў, кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль;
– Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка;
– Пісьменнік, перакладчык, выдавец, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру Уладзімір Сіўчыкаў;
– Дырэктар выдавецтва “Лімарыус” Марына Шыбко.
 
Прэмія будзе падзеленая паміж трыма пераможцамі, кожны з якіх атрымае таксама дыплом і памятны медаль.

Правам намінавання на прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў валодаюць як аўтары ці выдаўцы, так і члены журы конкурсу.

Пры вылучэнні кнігі на прэмію трэба да 31 студзеня 2017 г. перадаць у аргкамітэт папяровы і/ці электронны варыянт тэксту. Папяровыя выданні трэба прадстаўляць у Саюз беларускіх пісьменнікаў па адрасе: 220012, Мінск, вул. Кузьмы Чорнага, 31–906. Электронныя версіі выданняў можна дасылаць на адрас: [email protected]. Пры перадачы ці дасылцы кніг на прэмію трэба рабіць адмысловую пазнаку “Прэмія А. і М. Стагановічаў”.

Тэлефон для даведак: 8 (017) 200-80-91.