13 траўня ў межах Школы маладога пісьменніка пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў шведская аўтарка, журналістка і літаратурны крытык Інга-Ліна Ліндквіст прачытае адкрытую лекцыю, прысвечаную (аўта) біяграфічнай прозе.
Апошнім часам у свеце жанр немастацкай прозы (non-fiction) набірае ўсё большую папулярнасць. Прысуджэнне летась Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч, аўтарцы дакументальных кніг, з’яўляецца яскравым сведчаннем гэтай тэндэнцыі.
Але як пісаць пра сябе, сваіх блізкіх або цікавых вам людзей? Як выбудаваць удалую кампазіцыю? Чым прывабіць чытача? На гэтыя і іншыя пытанні адкажа Інга-Ліна Ліндквіст.
Пра лектарку:
Інга-Ліна Ліндквіст – шведская журналістка, пісьменніца, літаратурны крытык. Аўтарка твораў для дарослых і дзяцей. Дэбютавала ў 1994 годзе зборнікам паэзіі «Änglaspår» («По ангельским следам»). Другі зборнік паэзіі «Hjärtliga hälsningar» («С сердечным приветом») выйшаў у 1996 годзе. Аўтарка кніг «Karl Svensson og kærligheden» («Карл Свенссон и любовь» — Карл Свенсан і каханне), «Om du bara visste ur vilken bråte dikter växer utan att skämmas» («Когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда», 2002), «Avdelningen för påhittade föremål» («Отдел придуманных вещей», 2004) і іншых. Лаўрэат прэміі Шведскай Акадэміі (1997) і інш. Выкладала ў стакгольмскай пісьменніцкай школе Skrivarakademin.
Асноўная мова лекцыі – руская.
Сустрэча адбудзецца ў прасторы “Кніжная шафа” (ст. м. Грушаўка, пр. Дзяржынскага, 9; уваход са двара).
Пачатак у 18.30.
Уваход вольны.