• Навiны
  • Андрэй Хадановіч і Ўладзімер Арлоў атрымалі польскія мэдалі

Андрэй Хадановіч і Ўладзімер Арлоў атрымалі польскія мэдалі

Апошняе абнаўленне: 7 мая 2015
Андрэй Хадановіч і Ўладзімер Арлоў атрымалі польскія мэдалі
Беларускія літаратары Андрэй Хадановіч і Ўладзімер Арлоў узнагароджаныя срэбранымі мэдалямі «За заслугі ў культуры Gloria Artis».

Беларускія літаратары Андрэй Хадановіч і Ўладзімер Арлоў узнагароджаныя срэбранымі мэдалямі «За заслугі ў культуры Gloria Artis».

Такое рашэньне Міністэрства культуры Польшчы прыняло за іх унёсак у міждзяржаўныя сувязі і разьвіцьцё беларускай літаратуры і культуры.

Мэдалі ўручыў на прыёме з нагоды Дня Канстытуцыі пасол Польшчы Лешак Шарэпка, які адзначыў асаблівыя заслугі абодвух літаратараў у стварэньні літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца і фэстывалю «Вялікае княства паэзіі».

У інтэрвію Свабодзе Андрэй Хадановіч сказаў пра адчуваньне гонару і ўдзячнасьці за тое, што адносіны паміж Беларусьсю і Польшчай складаюцца ў галіне культуры.

«Нягледзячы на тое, што адбываецца ў беларускай палітыцы, па-беларуску выходзяць найважнейшыя польскія кнігі 20-га стагодзьдзя. А найцікавейшая беларуская літаратура выходзіць па-польску. Культура трымае гэтую місію дыпляматыі. Дзякуючы гэтаму Беларусь ведаюць ня толькі па адным палітычна акрэсьленым прозьвішчы, але крыху шырэй. І ў гэтым заслуга беларускіх пісьменьнікаў. Вялікі дзякуй за гэты знак увагі».

На цырымоніі Ўладзімер Арлоў падзякаваў за высокае прызнаньне ягоных заслуг, згадаў свае тры кнігі, якія выйшлі ў Польшчы. Уручэньне польскага мэдаля ён пракамэнтаваў Свабодзе так:

«Для нас гэта прыемная, радасная падзея. Мы ганарымся, што атрымалі ўзнагароду краіны, якую даўно любім, якой мы за многае ўдзячныя. Сёньня мы з Андрэем выказалі спадзяваньне, што яшчэ ў нас ёсьць час напісаць новыя кнігі, зрабіць новыя пераклады, якія будуць вартыя ўвагі польскіх перакладчыкаў. І магчыма, у нас ёсьць шанец атрымаць новыя польскія ўзнагароды. Я думаю, што маёй польскай узнагародзе павінна быць утульна побач з маім мэдалём Францыска Скарыны, які я атрымаў чвэрць стагодзьдзя таму, калі гэта была найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Беларусі».

Паводле Svaboda.org