17 красавіка ў Мексіцы ва ўзросце 87 гадоў памёр калумбійскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1982 года Габрыэль Гарсія Маркес. У пачатку месяца пісьменнік быў выпісаны з бальніцы ў Мехіка, яго стан вызначаўся як стабільны.
Беларускім і рускім чытачам асобныя творы Маркеса вядомыя дзякуючы пісьменніку і перакладчыку, аднай з самых знакавых і ўплывовых асоб Беларускага ПЭН-цэнтра Карласу Шэрману, які быў асабіста знаёмы з Нобелеўскім лаўрэатам. У 1970-х гадах Карлас Шэрман разам з Валянцінам Тарасам пераклаў на рускую мову раман “Восень патрыярха” (пераклад гэты дасёння лічыцца ўзорным і перавыдаецца). У 1980 годзе ў часопісе “Далягляды” быў надрукаваны зроблены Шэрманам беларускі пераклад апавядання “Неверагодная і сумная гісторыя пра нявінную Эрэндзіру і яе бяздушную бабулю”, а ў 2005 годзе ў часопісе “ARCHE” выйшаў па-беларуску раман “Каханне падчас халеры”.
Таксама творы Маркеса на беларускую мову перакладалі Валер Буйвал (апавяданне “Крывавы след на снезе”, часопіс “Крыніца”), Віялета Яфіменка, Багдан Арлоў (урывак з рамана “Успамін пра маіх сумных прастытутак”.