Дзясяткі пісьменнікаў прыйшлі падтрымаць Логвінава ў суд з Міністэрствам інфармацыі.
У Вышэйшым гаспадарчым судзе адбыўся разгляд справы па позве выдавецтва «Логвінаў» да Міністэрства інфармацыі. Мінінфа забрала ў выдавецтва ліцэнзію. Ігар Логвінаў абскарджваў гэтае рашэнне. Журналістаў з фота- і відэакамерамі у залу паседжанняў суда не пусціла ахова.
Падтрымаць Ігара Логвінава прыйшлі выдатныя дзеячы грамадства і культуры Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Вольга Шпарага, Павал Касцюкевіч.
«Справа, якая разглядаецца сёння, не руцінная і не шараговая, — сказаў у судзе пісьменнік Уладзімір Арлоў. — Гаворка ідзе пра лёс аўтарытэтнага выдавецтва. Яно працуе чатырнаццаты год. За гэты час выйшла каля 700 кніг. Выдавецтва з’яўляецца адным з лідараў па выданні мастацкай літаратуры па беларускай мове. Высокі суд, — звярнуўся ён да суддзі, — вашае рашэнне, якое дазволіла б працягваць выдавецтву сваю працу, было б адначасова і рашэннем у падтрымку нашай беларускай культуры».
Справу разглядала суддзя Таццяна Праташчык.
Інтарэсы Міністэрства інфармацыі ў судзе баранілі дзве спецыялісткі з юрыдычнай службы.
Суддзя адмовіла выдаўцу ў яго позве.