На сайце Беларускага літаратурнага радыё пашырылася падборка твораў Андрэя Пакроўскага. Аўтар чытае тэксты са зборніка “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза”.
У ісландцаў існуе павер’е, што на трынаццаты дзень пасля Раства, у Ноч усіх начэй, калі апошні з Дзедаў Маразоў сыходзіць у горы да наступнага года, па хатах ходзіць Ёльскі кот і правярае, ці абзавяліся гаспадары новаю вопраткаю з воўны. Тыя небаракі, што не паспелі, рызыкуюць трапіць у няласку да ката, ён можа зрабіць гаспадарам нейкую шкоду, насцаць у куце, забраць святочную вячэру ці з’есці кагосьці з дзяцей, таму вязанне сярод ісландцаў такое папулярнае.
Апошні раз я бачыў Ёльскага ката недзе месяц таму, ён заваліў да мяне а трэцяй ночы, ад яго моцна несла каньяком і цыгарэтамі. Не здымаючы ботаў, ён адразу рушыў на кухню, там кінуўся да імбрыка і апаражніў яго. Задаволіўшы смагу, кот адразу палез у сервант, дзе ў мяне ляжыць люлька і тытунь. Ну, расказвай, прамовіў ён, пускаючы клубы дыму мне ў твар, як жыццё-быццё, што новага. Вось, кажу, Віялета звязала камізэльку з вярблюджай поўсці, вельмі цёплая. Кот усміхнуўся, ты ж разумееш, што на самой справе мне похуй на гэтыя рэчы з воўны, на самой справе мяне цікавіць, ШТО НОВАГА, чаго ты дасягнуў за апошні год, што змянілася ў тваім жыцці, чаму ты навучыўся, што збіраешся рабіць далей, мы, здаецца, ужо не першы раз сустракаемся, ты ж сам добра ведаеш, што легенды не трэба разумець літаральна. Ну, здаецца, нічога новага, усё як і раней, адказаў я сумна. Ну, тады даруй, прамовіў кот, зняў майткі, сеў у куце, зрабіў сваю брудную справу і выскачыў у фортку.
Іншыя тэксты са зборніку “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза”:
Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза
Андрэй Пакроўскі
Празаік і мастак. Нарадзіўся ў Гародні, цяпер жыве ў Мінску. Лаўрэат конкурсаў беларускага ПЭН-цэнтра. Аўтар кнігі апавяданняў “Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза” (Логвінаў, 2012). У 2013 годзе кніга трапіла ў лонг-ліст прэміі імя Ежы Гедройца, а таксама ў шорт-ліст прэміі “Дэбют”.